БЕЛ Ł РУС

Юрый Дудзь распавёў, як сусветная поп-зорка падчас турнэ са сцэны падзякавала беларусцы

21.04.2026 / 08:55

Nashaniva.com

Іспанская поп-дзіва Расалія зараз знаходзіцца ў сусветным туры пад назвай «Lux». У роднай Барселоне яна дала чатыры выступы. Падчас фінальнага з іх артыстка са сцэны расчуліла шматтысячны натоўп, падзякаваўшы сваёй настаўніцы — беларускай балерыне Таццяне Ерахавец, якая за паўтара месяца паставіла спявачку на пуанты. Пра гэта ў сваім канале расказаў расійскі блогер Юрый Дудзь.

Фота: rosalia.vt / Instagram

Расалія, якая ўвесь час эксперыментуе, у новым турнэ вырашыла стаць на пуанты. Для гэтага ёй спатрэбілася школа, якую яна знайшла ў Барселоне ў асобе беларускі Таццяны Ерахавец — былой салісткі мінскага Вялікага тэатра.

Таццяна Ерахавец — імя, вядомае ў прафесійных колах. Выпускніца Беларускага харэаграфічнага каледжа, яна была салісткай Вялікага тэатра пад кіраўніцтвам Валянціна Елізар'ева, выступала на найлепшых пляцоўках свету ад Лондана да Парыжа. У 2002 годзе прыма пераехала ў Барселону, дзе заснавала Yerakhavets Ballet Academy.

Падрыхтоўка да турнэ Расаліі была інтэнсіўнай. Каб спявачка магла ўпэўнена трымацца ў балетных нумарах, пастаўленых марсельскім калектывам La Horde, Таццяна працавала з ёй паўтара месяца.

Беларуская настаўніца не хавала эмоцый пасля публічнай падзякі ад зоркі. У сацсетках балетнай школы Ерахавец напісала:

«Я так рада і ганаруся!!! Учорашні дзень стаў для мяне неверагодна асаблівым момантам, і я запомню яго на ўсё жыццё. Дзіўная Расалія, цудоўная спявачка, артыстка, аўтарка песень і яшчэ больш выдатны чалавек. Мне пашчасціла асабіста пераканацца ў яе велізарным таленце, убачыць, як старанна яна працуе і як паважліва і сціпла падыходзіць да ўсяго працэсу навучання. Дзякуй, Расалія, за тое, што ты прымусіла мяне адчуць сябе каштоўнай».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула