БЕЛ Ł РУС

«Паставілі на лічыльнік яшчэ ў турме». Ігар Карней расказаў, чым скончылася гісторыя з судовымі выканаўцамі і штрафамі

21.04.2026 / 11:31

Nashaniva.com

Журналіст і былы палітвязень Ігар Карней, якога яшчэ ў чэрвені 2025 года прымусова выправадзілі з краіны, у фэйсбуку расказаў свой квэст з беларускай штрафной сістэмай, якую ён назваў дзяржаўным рэкетам.

«Прыкід на 250 руб)», — падпісаў Ігар Карней фота

Салдат спіць, служба ідзе. Хто з колішніх служывых не паўтараў папугаем матывацыйную аксіёму, якая непазбежна набліжае да дэмбеля). Але падаецца, што няпісаным правілам кіруюцца не толькі ў мілітарных колах, а і ў судовай вытворчасці.

Аднойчы завёў справу і тая ўжо сама перманентна «пераўзбуджаецца».

Не паспеў расслабіцца пасля беспардоннага выдварэння, як на страчанай бацькаўшчыне завочна пачалі атакаваць з аддзелу прымусовага выканання. Зразумела, што ў сілу форс-мажорных абставін пісулькі з пагрозамі «подвергнуть принудительному приводу» траплялі на вочы не тады, калі хацелася адправіцелю, а калі добрыя людзі мелі магчымасць выпатрашыць паштовую скрыню. Што характэрна, у павестках аніякага тлумачэння, за што ім паспеў запазычыць, апошнія гады не займаючыся ніякай дзейнасцю. Проста X-Files, сакрэтныя матэрыялы.

Спробы звязацца з адказнай работніцай ведамства Казлоўскай праз вайбер, як прапаноўвалася ў паперцы, доўгі час заставаліся марнымі.

Як ні круці, найменей хацелася быць ахвярай дзяржаўнага рэкету. Грошы не фантастычныя, у апошняй версіі крыху больш за 250 руб, але ж сам факт! Бо так у тэорыі могуць даіць бясконца.

Нядаўна судовая выканаўца ўсё ж адазвалася, параіўшы шукаць канцы ў адпаведным рэестры неплацельцаў на сайце Мінюста. Яшчэ адна засада, бо з-за мяжы рэсурс недаступны і трэба ўсталёўваць VPN — ніколі б не падумаў, што давядзецца пагрузіцца ніжэй ватэрлініі, каб адрасна зрабіць рэпрэсіўнай установе статыстыку па наведваннях.

Праўда, нічога ўцямнага ў рэестры даўжнікоў так і не знайшоў — толькі канстатацыя факту аб пачатку чарговай вытворчасці пад грувасткай абязлічанай нумерацыяй. Усё як у канцлагеры, лічбы на сэрцы.

Затое стала сюрпрызам, што паставілі на лічыльнік яшчэ ў актыўнай фазе сядзення! Што замінала адразу папярэдзіць, каб сваякі аператыўна аплацілі выстаўленыя рахункі? Або першапачатковая мэта менавіта такая — вывесці на пеню? Дасведчаныя і ўжо абабраныя кажуць, што кожны год да сумы прырастае 10%.

Думаю, не адну сотню вымушаных калегаў, у якіх не засталося іншай альтэрнатывы, як памяняць камеру ці атрад у Беларусі на шэлтары на чужыне, чакаюць аналагічныя неспадзяванкі.

№1. ОПИ Фрунзенского района г. Минска. 20.06.2024 возбуждено производство 70924032444.

18 чэрвеня 2024‑га мяне перакінулі этапам з турмы №4 Магілёву, дзе я два месяцы чакаў апеляцыі на прысуд, для адбыцця пакарання ў ПК №17 Шклову. Атрымліваецца, што літаральна на другі дзень карантыну пачалі нейкую настолькі таямнічую вытворчасць, што давялося хаваць яе за наборам лічбаў. Прынамсі ніякіх паведамленняў пад подпіс не атрымліваў.

№2. ОПИ Фрунзенского района г. Минска. 02.10.2024 возбуждено производство 70924051504.

Усё тая ж шклоўская катавальня, чацвёрты месяц адзіночак у штрафных ізалятарах/памяшканнях камернага тыпу. На тым адрэзку практычна поўная інфармацыйна-дакументальная блакада, бо сувязі са знешнім светам, уключаючы нават штабных хадакоў, абарваліся падчыстую. Акурат у гэтыя дні інспіравалася другая крымінальная справа паводле арт. 411 за «непадпарадкаванне».

№3. ОПИ Фрунзенского района г. Минска. 25.06.2025 возбуждено производство 70925031855.

Лічаныя дні пасля выстаўлення з радзімы з мехам на галаве 21 чэрвеня 2025-га. А да таго, атрымаўшы дадатковыя 10 месяцаў да тэрміну і такім чынам стаўшы рэцыдывістам, паспеў пабыць «каланістам» на строгім рэжыме ў Мазыры. Менавіта там, трапіўшы ў атрад пасля прэвентыўнага месяца ў шыза, абсалютна выпадкова наткнуўся на сваё прозвішча ў спісе «даўжнікоў» — 190 руб за робу, атрыманую ў шклоўскім «атэлье». Не ўпэўнены, але магчыма гэтая сума з улікам 10‑працэнтных штогадовых накрутак, і ператварылася ўрэшце ў выстаўленую фінальную. Во як, кожны мусіць самастойна здагадацца, за што яго раскулачваюць).

№4. ОПИ Фрунзенского района г. Минска. 13.03.2026, возбуждено производство 70926012280.

Чарговая паперка, засунутая ў дзверы пакінутай менскай кватэры, патрабавала персанальнай прысутнасці ў судовай выканаўцы Казлоўскай 18 сакавіка. Перад тым настойлівая служака пачала чацвёртую вытворчасць па Х-файлах.

Магу павіншаваць апанентку, свайго дамаглася: адкупіўся. Дакладней, заплаціла са сваіх сьціплых прыбыткаў маці-пенсіянерка — вось так запускаюць у фінансавы абарот сваякоў, калі не могуць дабрацца да саміх фігурантаў. Мала таго, што трацілася падчас сынавай адсідкі, дык яшчэ мусіць браць постфактум незразумелыя выдаткі. Бо за камісарамі не заржавее — спачатку накласці арышт на маёмасць, а следам імем рэвалюцыі і канфіскаваць.

Канешне, невядома, ці надоўга пакінуць у спакоі рэкеціры, бо ў адказ на яўна прачытанае вайбераўскае паведамленне аб аплаце — звыклая цішыня. Думай, што хочаш…

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула