БЕЛ Ł РУС

«Ежа на могілках — так было заўсёды». Гісторык пра традыцыі памінальнага стала ў беларусаў

21.04.2026 / 13:55

Nashaniva.com

Сёння многія адзначаюць Радаўніцу: у гэты дзень прынята ездзіць на могілкі, наводзіць там парадак і прыносіць кветкі, а галоўнае — ушаноўваць памяць памерлых. Асобная і нават сакральная тэма ў размовах пра смерць і памінанне — ежа. Што абавязкова гатавалі, акрамя куцці, навошта нябожчыку збіралі «ссабойку» і прыносілі вячэру ў дзень пахавання, каго абавязкова запрашалі за стол і чаму спрэчкі пра ежу на могілках не сціхаюць дагэтуль? Onliner пагаварыў з гісторыкам Кірылам Латышавым.

Пахаванне: абавязковыя стравы і «ссабойка» для памерлага

Першае апісанне традыцый беларускага пахавання, расказвае суразмоўца, адносіцца да 1581 года. Гаворка пра працу польскага гісторыка і багаслова Яна Ласіцкага, які апісаў абрад, убачаны ім у ваколіцах Заслаўя.

— Ён пісаў, што на памінальны абед запрашалі «хрысціян» — так называлі бедных старцаў, вандроўных манахаў ці пустэльнікаў. Лічылася, што ў іх больш часу маліцца. Акрамя бедных, за стол садзіліся святар і ўсе «блізкія сваякі» — пад гэтым словам разумелі не толькі кроўных сваякоў, але наогул усіх, каго сям’я лічыла блізкімі.

Ласіцкі апісвае асаблівы рытуал з сярэбраным келіхам. У яго насыпалі пшаніцу і налівалі мядовае віно. Кожны прысутны браў лыжку, зычыў сваякам памерлага багацця, а ўнукам — дабра ў хаце. Чаша абыходзіла ўсіх па крузе ў строгім парадку, пачынаючы з самага важнага госця. Затым святар акурваў пакой ладанам, каб выгнаць злых духаў, а ў пятніцу багатыя сем'і раздавалі міласціну — маленькія кавалачкі хлеба.

Ужо ў гэтым апісанні бачна дваістая прырода памінальнай ежы: яна адначасова служыць ахвярай духам, пачастункам для жывых і платай за малітву.

Шмат у чым дзякуючы гістарычным працам і працам этнографаў XIX—XX стагоддзяў мы можам паглыбіцца ў традыцыі памінальнага стала. Галоўнай стравай, расказвае Кірыл, была куцця — салодкая каша, запраўленая мёдам, маслам ці макам. Менавіта з яе пачыналася трапеза як на пахаванні, так і на памінках.

— Канкурэнцыю ёй складала «сыта» — падсалоджаная мёдам вада з пакрышанай булкай. Часта куццю называлі «канун», але на тэрыторыі Беларусі пад назвай «канун» часам сустракаецца сыта, што можа ўводзіць у зман.

У вёсцы Паставічы Старадарожскага раёна абавязковай памінальнай стравай былі «жалейкі» — маленькія посныя булачкі, якія падавалі разам з крупнікам (мядовай настойкай), мясам, капустай і кашай.

А ў Крычаўскім павеце «гарачкамі» называлі і сам абед, і канкрэтную страву — гарачы пшанічны хлеб, які нельга было рэзаць нажом, толькі ламаць рукамі. З хлеба павінна была ісці пара: лічылася, што душа памерлага падмацоўваецца ёю перад далёкай дарогай у замагільны свет.

Большую частку страў на памінальны стол прыносілі, але заўсёды выключэннем была куцця. Усе стравы, тлумачыць Кірыл, рыхтавалі з даступных прадуктаў, прычым абавязкова з доўгім тэрмінам захоўвання.

Яшчэ адна «роля» ежы на пахаванні — гэта абярэг. У першую чаргу гэта тычылася хлеба і зерня. Так, калі труну выносілі з хаты, нехта з сям'і памерлага насыпаў услед жыта ці іншае зерне — «каб нябожчык не вынес хлеба з хаты».

У адных рэгіёнах Беларусі рассыпанае зерне затым давалі хатнім жывёлам. Але, напрыклад, у Ігуменскім павеце кожнае зярнятка збіралі і выкідалі туды, дзе звычайна ніхто не ходзіць: лічылася, што той, хто наступіць, накліча смерць.

— Асаблівае стаўленне было да каня, які вёз нябожчыка. Яго кармілі адборным аўсом, хлебам з соллю, часам паілі чаркай. Калі конь чхаў ці спатыкаўся, гэта лічылася дрэнным знакам: значыць, нябожчык «не прымае» дарогу. Пасля пахавання вупраж і сена з-пад труны спальвалі, каб ніхто не мог выкарыстаць іх у вядзьмарскіх мэтах.

Яшчэ адна важная традыцыя непасрэдна ў дзень пахавання — сабраць памерламу «ежу на той свет». Паводле слоў Кірыла, гаворка не проста пра забабоны, а пра веру ў працяг жыцця. Такую «ссабойку» маглі пакласці ў труну ці закапаць побач з ёю — строгага правіла не было.

— Таксама ў труну маглі класці асабістыя рэчы памерлага, прафесійныя інструменты, змену бялізны, грошы. З ежы — хлеб, соль, вараныя яйкі, арэхі, напоўненую флягу, але толькі калі нябожчык пры жыцці ўжываў алкаголь.

Лічылася, што на тым свеце памерлы павінен пачаставаць сустрэтых ім сваякоў.

Каго абавязкова клікалі за стол, а каму плацілі ежай на пахаванні?

У размове гісторык акцэнтуе ўвагу на тым, што памінальныя звычаі не былі абсалютна аднолькавымі на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Напрыклад, вядомыя варыяцыі па часе памінальнай трапезы: недзе за стол садзіліся яшчэ да пахавання, у іншых месцах — вярнуўшыся з могілак. Пры гэтым часцей прысутных частавалі мінімум двойчы: і да пахавання, і пасля.

— У горадзе Себеж (раней Віцебская губерня, зараз частка тэрыторыі Расіі) і навакольных сёлах памінальны стол пачыналі яшчэ да таго, як цела пакідала хату. Пасля таго як святар прачытаў патрэбныя малітвы, яго разам з гасцямі адразу ўсаджвалі за стол. Пачыналі з куцці, затым падавалі рыбу. Нават у строгі пост на стол ставілі кісель і «камы» — бульбяную кашу з буйнымі кавалкамі рыбы ці грыбоў. Толькі пасля заканчэння абеду святар чытаў малітву і труну выносілі з хаты.

Цікава, што на пахаванне тут нікога спецыяльна не запрашалі, дзень паведамлялі толькі самым блізкім. Але ўсіх, хто прыходзіў (а гасцей збіралася больш, чым на любую іншую падзею), абавязкова ўсаджвалі за стол. Калі ўсе не змяшчаліся за адзін, накрывалі некалькі «змен».

Сваякі нябожчыка абавязаны былі прыносіць з сабой міску куцці і «какоры» — вялікія булкі з пшанічнай мукі вагой да 3 кілаграмаў. Пры адыходзе кожны госць атрымліваў такую булку з сабой. Дома яе дзялілі паміж тымі, каго не было на пахаванні, і кожны, хто еў гэты хлеб, павінен быў памянуць памерлага.

Такім чынам памінальная ежа распаўсюджвалася па ўсёй вёсцы, залучаючы ў рытуал нават тых, хто адсутнічаў.

У заходніх раёнах, расказвае Кірыл, памінальныя традыцыі маглі перагукацца з польскай абраднасцю. Напрыклад, акрамя абавязковай куцці, на стале таксама з'яўляліся «тварожнікі» (сырнікі) і «салодкая сыта» з макам.

— Важная думка, якую хачу падкрэсліць: на тэрыторыі Беларусі практычна не было канфліктаў з-за «няправільнай» абраднасці. Калі ў нейкай вёсцы былі свае традыцыі, то праводзілі ўсё так, як казалі мясцовыя старцы.

Нярэдка важнай часткай рытуалу была строгая рассадка: спачатку жыхары хаты і ганаровыя госці, затым суседзі і сваякі, у канцы — «старцы і жабракі».

— Старцаў садзілі за стол асобна, а часам у першую чаргу.

Святар мог есці разам з імі, і гэта лічылася найвышэйшым гонарам. Справа ў тым, што ў народнай свядомасці бедны не роўна няшчасны. Ён «божы чалавек», які не прывязаны да зямнога, а значыць, яго малітва хутчэй дойдзе да таго свету. Як сцвярджаецца ў крыніцы, «ахвяраванае беднаму вернецца на тым свеце крэўнаму нябожчыку».

Трохі падрабязней распавядзем пра ўнікальную традыцыю ў Горацкім павеце Магілёўскай губерні. Там памерлага запрашалі за стол, прычым яшчэ да пачатку трапезы прысутнымі.

— Галава сям'і садзіўся перад міскай куцці, запраўленай мёдам, каб «на тым свеце было салодка». Побач з ім садзілі святара і найстарэйшага суседа, астатнія стаялі. Пасля блаславення ўсе тройчы спрабавалі куццю, заклікаючы нябожчыка па імені, і толькі пасля гэтага прыступалі да астатніх страў. Падавалі іх у пэўным парадку: спачатку капусны боршч, затым клёцкі, потым бульбу.

Елі з адной міскі па чарзе. Размовы былі свабоднымі, перабівалі адзін аднаго, але заўсёды вярталіся да нябожчыка. Тыповая фраза: «Ну, добры, добры быў! Ну, бог з ім, унёс мой рубель на той свет, вугалькамі аддасць, як сустрэнемся». Верылі, што душа чуе гэтыя размовы і радуецца добрым успамінам.

Дарэчы, часта на пахаванне запрашалі прафесійных плакальшчыц. У іх ролі выступалі жанчыны, якія «складна галасілі» па памерлым.

— За сваю працу яны атрымлівалі не грошы, а ежу. Этнографы зафіксавалі, што добрай плакальшчыцы давалі «кавалак сала, бліноў, а часам і чарку гарэлкі».

Тых, хто «складна і жаласна» галасіў, частавалі першымі і лепшымі стравамі памінальнага стала. Лічылася, што калі плакальшчыца з’есць гэтую ежу, то яе малітва і галашэнне «дойдуць» да памерлага хутчэй.

Аднак людзі ставіліся да наёмнага плачу па-рознаму. З аднаго боку, яго прымалі як неабходны рытуал, з другога — высмейвалі фальшывых плакальшчыц, якія «рвуць горла, а слязіны няма». Ежа, атрыманая за фальшывы плач, лічылася некаторымі «нячыстай» і нібыта магла наклікаць хваробу.

Памінальныя абрады: вячэра для нябожчыка, ежа на магіле і «Дзяды»

Важны момант: дзень пахавання быў толькі пачаткам абрадаў. Так, ужо на наступную раніцу сваякі зноў ішлі на могілкі, каб «будзіць нябожчыка». Дарэчы, гэтая традыцыя сустракаецца дагэтуль.

— Сваякі бралі з сабой «жалейкі» і моцныя напоі. На магіле тройчы елі і пілі, а рэшткі разлівалі па тры лыжкі на магілу, прыгаворваючы: «Мы на гэтым свеце частуем, а вы нас на тым пачастуеце». Гэты абрад — рэдкі прыклад прамога дыялогу праз ежу: жывыя кормяць памерлага зараз у надзеі, што калі-небудзь ён адплаціць ім тым жа ў замагільным свеце.

У некаторых месцах, напрыклад у Старадарожскім раёне, яшчэ ў дзень пахавання пад вечар і на наступны дзень на магілу «насілі вячэраць»: ставілі талерку з куццёй, кавалак хлеба, налівалі шклянку. Калі раніцай ежа аказвалася кранутай (падзяўбанай птушкамі ці з’едзенай жывёламі), гэта ўспрымалася як добры знак: душа прыняла пачастунак.

Далей памінальныя традыцыі можна падзяліць на дзве катэгорыі: сямейныя і каляндарныя. Але заўсёды чымсьці накшталт інструмента сувязі з «тым светам» заставалася менавіта ежа.

— Да прыватных памінак адносяцца «траціны». Калі пахаванне адбылося на другі ці трэці дзень пасля смерці, то «траціны» часта супадалі з днём пахавання ці былі на наступны дзень. На стол абавязкова ставілі куццю, бліны і кашу. Першую лыжку кожнай стравы пакідалі на стале «для душы»: верылі, што нябожчык прыйдзе і даесць. Напрыклад, у Горацкім павеце пасля вячэрняй трапезы ўсю ноч не прыбіралі са стала, а рэшткі назаўтра раздавалі бедным.

Затым дзявяты дзень («дзевяціны»). Да гэтага дня, як лічылася, душа завяршала абыход месцаў, дзе жыў чалавек, і рыхтавалася да больш доўгага шляху. Памінальны стол быў скрамнейшы, чым у дзень пахавання, але бліны і клёцкі заставаліся нязменнымі. У некаторых месцах на дзявяты дзень варылі спецыяльны «канун» — мядовую сыту з пакрышанай булкай.

Самай важнай датай лічыўся саракавы дзень пасля смерці: людзі верылі, што менавіта ў гэты момант душа канчаткова пакідае свет жывых.

— Таму памінкі спраўлялі шырока і запрашалі ўсіх, хто дапамагаў у пахаванні. Абавязкова падавалі куццю, «праскуру» (асаблівы памінальны хлеб, які асвячалі ў царкве) і рыбу.

Сціпла і па-сямейнаму збіраліся праз паўгода і на гадавіну смерці. А падчас штогадовых асенніх памінак было прынята ўсталёўваць на магіле пастаянны помнік — ён замяняў драўляны крыж. У вёсцы Гняздзілава Віленскага павета з гэтай традыцыяй звязаны, бадай, самы незвычайны абрад памінальнага стала.

— Пасля таго як святар служыў паніхіду, стол накрывалі альбо проста на могілках, альбо ўжо дома. Падавалі поўны мясны абед: бліны са смятанай, «груцу» (перлавую кашу), крупнік (густы суп), мяса. Кульмінацыяй быў смажаны певень. Старэйшая жанчына ў сям’і брала яго і пачынала «спяваць пеўнем». Госці кідаліся адбіраць птушку, жанчына ўцякала і супраціўлялася. Урэшце пеўня дзялілі на ўсіх прысутных.

Этнографы бачылі ў гэтым абрадзе рэха старажытнага рытуалу «кармлення» памерлага, каб ён «прачнуўся» для новага жыцця ў замагільным свеце.

Але найважнейшай традыцыяй памінання продкаў былі «Дзяды». Падрыхтоўка пачыналася задоўга да вечара: спачатку старанная прыборка хаты, затым лазня і абавязкова новы белы абрус на сталах.

— Колькасць страў на «дзядоўскім» стале павінна была быць няцотнай: 5, 7, 9, 11, а то і 15. Абавязковымі былі куцця (ці «канун»), бліны, яешня, каўбаса, каша, сыр, мёд, а таксама мясныя стравы: вараная свініна, бараніна, курыца. У заходніх раёнах дадавалі макарону, сырнікі, «верашчаку» (падліву з каўбасы і сала).

Садзіцца за стол адразу не належала. Моўчкі чакалі некалькі хвілін, «пакуль душы паядуць». Падчас вячэры строга забаранялася чокацца («нельга працягваць рукі, бо працягнеш ногі»), гучна смяяцца, уставаць без патрэбы. Размовы вяліся толькі пра добрыя справы продкаў.

Пасля вячэры стол не прыбіралі. На падаконне ці на асобную лаўку ставілі дадатковую талерку, лыжку, кубак з вадой, клалі ручнік і кавалак мыла, «каб душы памыліся і паелі». Раніцай рэшткі пачастунку раздавалі бедным ці кідалі ў рэчку, асабліва калі нехта з родных патануў. На Палессі ежу выносілі на дах «для птушак, якія ёсць душы продкаў».

«Змянілася форма, але не сутнасць»

Гісторык падкрэслівае: сумесная трапеза сваякоў на памінках, «Дзядах», Радуніцы была актам калектыўнай памяці. Прысутныя абавязкова пералічвалі імёны памерлых і ўспаміналі іх добрыя справы — атрымлівалася нешта накшталт вуснага летапісу.

— У гэтым сэнсе памінальны стол быў самым моцным мнеманічным інструментам у культуры беларускай вёскі — мацнейшым, чым песні ці паданні.

Пры гэтым, расказвае суразмоўца, у этнаграфічных запісах сярэдзіны XX стагоддзя даследчыкі адзначаюць паступовае спрашчэнне абрадаў. У той жа час яны не знікаюць зусім.

— Змянілася форма, але не сутнасць: ежа застаецца апошнім дарам, мостам, мовай, на якой жывыя гавораць з тымі, хто сышоў. Зараз многія спрачаюцца наконт ежы на могілках. Адназначна: елі заўсёды, гэта было абсалютна нармальна і правільна. Прычым традыцыя не перарывалася і не памірала.

Наогул, павольней за ўсё мяняюцца два абрады: вясельны і пахавальны. Таму і на сучасных вяселлях ці пахаваннях таксама ёсць класічныя рытуалы. І веданне іх сэнсу дапамагае лепш зразумець, што адбываецца.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула