Кампанію беларусаў у Польшчы аштрафавалі на $5,5 мільёна за кантрабанду ў Расію люксавых аўтамабіляў
Малапольскае мытна-падатковае ўпраўленне ў Кракаве (MUCS) выявіла нелегальную схему вывазу люксавых аўтамабіляў на рынак, які знаходзіцца пад санкцыямі ЕС. Выпісаны штраф — каласальны. Фірма належыць беларусам, перадае Міністэрства фінансаў Польшчы.
Кампанія, што кіруецца грамадзянамі Беларусі, у 2022—2023 гадах займалася закупкай дарагіх аўто прэстыжных марак у краінах Заходняй Еўропы. Пасля гэтага машыны вывозіліся з тэрыторыі Еўрасаюза.
У транспартных дакументах у якасці пунктаў прызначэння пазначаліся іншыя краіны, аднак насамрэч аўтамабілі траплялі ў Расійскую Федэрацыю. Маршрут пралягаў праз Польшчу і Літву ў Беларусь, а адтуль — у Расію.
Такім чынам было перапраўлена больш за 100 аўтамабіляў. Кошт машын перавышае 49 млн злотых (прыкладна 13 млн даляраў).
Польскія інспектары прыйшлі да высновы, што кіраўніцтва кампаніі дзейнічала свядома і мэтанакіравана абыходзіла санкцыі. У выніку на фірму накладзены адміністрацыйны штраф максімальнай сумай— 20 млн злотых (каля 5,5 млн даляраў).
Гэта адна з найбуйнейшых такіх спраў у Польшчы.