Студэнты ЕГУ баяцца вяртацца дадому
Пад пагрозай пераследу з боку беларускіх уладаў знаходзяцца не толькі выкладчыкі, студэнты і выпускнікі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта — але нават іх сем'і.
Адразу ж пасля прызнання Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) беларускімі ўладамі «экстрэмісцкай арганізацыяй» на яго сайце схавалі імёны і фатаграфіі выкладчыкаў. Студэнты абмяркоўваюць допыты на мяжы і рызыкі пры вяртанні дадому. Цяпер супраць іх могуць выкарыстоўваць артыкулы аб «экстрэмісцкай дзейнасці», якія ў Беларусі трактуюцца максімальна шырока, піша DW Belarus.
«Дарога ў Беларусь закрытая на нявызначаны тэрмін»
Яшчэ ў пачатку 2024 года прапагандыст Ігар Тур анансаваў, што Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт будзе прызнаны ў Беларусі «экстрэмісцкай арганізацыяй». У верасні 2025 года адпаведную заяву ў Вярхоўны суд накіраваў генеральны пракурор. Праз паўгода было прынята рашэнне лічыць ВНУ «экстрэмісцкай».
Ганна, якая сёлета заканчвае ЕГУ, у размове з DW адзначыла, што, хоць навіны пра магчымую змену статусу ўніверсітэта абмяркоўваліся даўно, апошнія паведамленні напалохалі многіх.
«Я, як і іншыя студэнты, перыядычна ездзіла дадому да бацькоў, — распавядае яна. — Цяпер дарога ў Беларусь для мяне закрытая на нявызначаны тэрмін. І хоць я планую далей паступаць у магістратуру ў ЕС, магчымы пераслед усё роўна палохае».
Па словах суразмоўцы, яна асцерагаецца за бацькоў — ці не прыйдуць да іх з вобшукам, ці не будуць караць за тое, што яны аплачвалі яе вучобу. «У мяне ў сацсетках няма згадак пра тое, што я вучуся ў ЕГУ, але, вядома, пэўныя людзі ў Беларусі пра гэта ведаюць, — працягвае яна. —
Сярод маіх аднакурснікаў былі тыя, каго рэгулярна дапытвалі супрацоўнікі КДБ на мяжы. І кожны раз гучалі пытанні пра ЕГУ: напрыклад, чаму паехалі вучыцца туды, а не засталіся ў Беларусі».
Улады Беларусі могуць выкарыстоўваць супраць студэнтаў тры артыкулы Крымінальнага кодэкса: праходжанне навучання для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці, удзел у экстрэмісцкай дзейнасці або яе фінансаванне (361-5, 361-1, 361‑4 КК РБ).
Паводле даных прэс-службы ЕГУ, у ВНУ вучацца каля 1500 чалавек, прыкладна 80 працэнтаў — студэнты з Беларусі.
Больш за ўсё, па словах Ганны, хвалююцца студэнты малодшых курсаў. Многія планавалі і далей ездзіць у Беларусь, у тым ліку на летнія канікулы. Цяпер жа трэба думаць, як аплачваць жыллё на гэты перыяд. Што тычыцца легалізацыі ў ЕС, то з гэтым праблем узнікнуць не павінна — адміністрацыя ВНУ абяцае і далей аказваць садзейнічанне.
Пад пагрозай і выпускнікі ЕГУ
У праваабарончым цэнтры «Вясна» адзначаюць, што пад пагрозай знаходзяцца не толькі дзейныя студэнты і супрацоўнікі ВНУ, але тэарэтычна ўсе, хто меў да яе дачыненне. З 2021 года ўлады зрабілі закон больш жорсткім: калі раней для прыцягнення да крымінальнай адказнасці патрабавалася садзейнічанне канкрэтным арганізацыям або фарміраванням, то цяпер — у цэлым «экстрэмісцкай дзейнасці», што ў Беларусі трактуецца максімальна шырока.
Да 2020 года каля 70 працэнтаў выпускнікоў вярталіся ў Беларусь. Сафія скончыла Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт тры гады таму. Яна вярнулася ў Беларусь, дзе працуе дызайнерам як ІП. І хоць яна не афішавала свой дыплом, усё роўна асцерагаецца магчымага пераследу. «Я даўно пачысціла свае сацсеткі, дзе былі фота, напрыклад, з уручэння дыпломаў, — распавядае яна. — Але я не магу быць упэўненая, што тое самае зрабілі ўсе мае аднакурснікі: я магу быць на іх здымках. І, наколькі я разумею, цяпер небяспечна нават захоўваць дома мой дыплом, дзе ёсць лагатып універсітэта».
Па словах суразмоўцы, у адным з праўладных каналаў пазначана, што тыя, хто ўжо скончыў універсітэт, але не здзяйсняў злачынстваў, не трапяць аўтаматычна пад крымінальную адказнасць. «Але я разумею, што нельга ставіцца да гэтага як да гарантыі, — кажа Сафія. — Большасць маіх аднакурснікаў засталіся за мяжой, але ёсць людзі, якія вярнуліся дадому. Мы на сувязі, ва ўсіх пазіцыя — пакуль паглядзець, што будуць далей рабіць улады, а затым вырашаць, ці можна заставацца ў краіне».
Адзінай стратэгіі ў рэжыму ў дачыненні да былых супрацоўнікаў кампаній, прызнаных экстрэмісцкімі, няма. Напрыклад, па справе Tut.by, які ўлады прызналі «экстрэмісцкай арганізацыяй», былі асуджаныя некалькі топ-менеджараў, якіх затрымалі яшчэ да таго, як гэта СМІ атрымала такі статус. Па справе ж «Белсата», прызнанага «экстрэмісцкім фарміраваннем», затрыманні і прыцягненне да крымінальнай адказнасці былых супрацоўнікаў адбываліся і пасля таго, як тэлеканал уключылі ў спіс тых, хто пагражае нацыянальнай бяспецы.
Новы набор — выклік для ўніверсітэта
Пад пагрозай апынуліся і выкладчыкі ВНУ — сярод іх таксама былі тыя, хто ездзіў у Беларусь, паведаміла крыніца з ЕГУ. На сёння на сайце ўніверсітэта схаваныя імёны і фатаграфіі ўсіх супрацоўнікаў.
«Большасць беларускіх выкладчыкаў і да гэтага не маглі ездзіць у Беларусь, дзе ім пагражае турма, — тлумачыць суразмоўца. — Кіраўніцтва ВНУ, разумеючы пагрозы, агучаныя яшчэ ў 2024 годзе, займала максімальна ўзважаную і стрыманую пазіцыю: напрыклад, практычна не было выступленняў у медыя, якія ўлады называюць экстрэмісцкімі, а таксама супрацоўніцтва з грамадскімі арганізацыямі, якія маюць такі ж статус. Адміністрацыя старалася зрабіць усё, каб абараніць супрацоўнікаў і студэнтаў».
Апытаны DW выкладчык лічыць, што большасць цяперашніх студэнтаў працягнуць навучанне ў ЕГУ, а вось новы набор — выклік для ўніверсітэта.
«Улады ў сваіх заявах не хаваюць, што рашэнне прымеркавана да новай уступнай кампаніі, — кажа ён і прагназуе, што ВНУ будзе больш актыўна працаваць над прыцягненнем студэнтаў з Расіі і Украіны. — Гэтая праца ўжо вядзецца і, відавочна, будзе ўзмоцненая. Улічваючы, што ў ЕГУ захоўваецца руская мова выкладання, гэта адзін з самых простых спосабаў паступіць у еўрапейскую ВНУ».
У той жа час 21 красавіка міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што будзе дабівацца ўвядзення еўрапейскіх санкцый супраць людзей, датычных да прызнання ЕГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй».