БЕЛ Ł РУС

Мінчук атрымаў 12 судзімасцяў — а яму ўсяго 34 гады

21.04.2026 / 23:10

Nashaniva.com

З апошняга — пасля п'янкі скраў аўто ў прыяцеля ў Мінску і паехаў у Навагрудак.

Ілюстрацыйнае фота

34‑гадовы беспрацоўны мінчук 12 разоў прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за маёмасныя злачынствы, піша агенцтва «Мінск-Навіны».

Вось толькі апошнія яго прыгоды.

У жніўні 2025 года ён прыйшоў у госці да знаёмага, які жыве на вуліцы Альшэўскага. Мужчыны выпівалі. Калі гаспадар кватэры выйшаў з пакоя, госць скраў са шкатулкі SIM-карту і залаты пярсцёнак коштам больш за 2500 рублёў. Таксама ён прыхапіў ключы ад аўтамабіля, якія ляжалі на камодзе.

Знікненне рэчаў гаспадар амаль адразу заўважыў, але госць запэўніваў, што нічога не браў, і нават зрабіў выгляд, што шукае пярсцёнак і ключы. Развітаўшыся з прыяцелем, зладзюжка пайшоў да прыпаркаванага ў двары Kia Rio, завёў яго скрадзеным ключом і п'яным паехаў у Навагрудак.

Варта адзначыць, што раней мужчына неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за язду за рулём без правоў. І на гэты раз пасведчання кіроўцы ў яго не было — пазбавіўся яго за п'яўную язду.

Праз два месяцы мінчук абрабаваў дзяўчыну — скраў з кішэні яе футра 40 рублёў.

У дачыненні да мужчыны завялі чарговую крымінальную справу, яго абвінавачвалі адразу па чатырох крымінальных артыкулах — ч. 2 арт. 205 КК (крадзеж), ч. 2 арт. 214 КК (угон аўто), ч. 1 арт. 317‑2 КК (кіраванне аўто без правоў) і ч. 2 арт. 206 КК (грабеж).

Нядаўна прайшоў суд. Мужчыну далі шэсць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму. Акрамя таго, мінчук павінен прайсці прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула