Лукашэнка павіншаваў прэзідэнта Ізраіля з Днём незалежнасці
«Падзеі на Блізкім Усходзе выклікаюць заклапочанасць і боль у нашых сэрцах, але мы спадзяёмся на як мага хутчэйшае ўсталяванне спакою ў рэгіёне», — дадаў ён.
Фота: Alexander Kazakov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў прэзідэнта Ізраіля Іцхака Герцага з Днём Незалежнасці, паведамляе прэс-служба.
Ён адзначыў, што яўрэйскі народ мае шматвяковыя традыцыі, у тым ліку рэлігійныя і адукацыйныя, якія і сёння фармуюць асновы ідэнтычнасці сучаснага ізраільскага грамадства.
«Менавіта на беларускай зямлі дзейнічалі вядомыя духоўныя цэнтры — ешывы, — гаворыцца ў віншаванні. — Выхадцы з нашага краю стаялі ля вытокаў Дзяржавы Ізраіль. Усё гэта збліжае абодва народы, якія прайшлі праз агульныя цяжкія выпрабаванні Другую сусветную вайну і трагедыю Халакост».
Беларусы добра ведаюць, што такое вайна, і таму паслядоўна выступаюць за мірнае ўрэгуляванне канфліктаў, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. «Падзеі на Блізкім Усходзе выклікаюць заклапочанасць і боль у нашых сэрцах, але мы спадзяёмся на як мага хутчэйшае ўсталяванне спакою ў рэгіёне», — дадаў ён.
«Па меры нармалізацыі сітуацыі Мінск гатовы пашыраць кантакты і ўзаемадзеянне ў сферах адукацыі, медыцыны, тэхналогій, сельскай гаспадаркі і турызму, — запэўніў Лукашэнка. — Перакананы, агульная гістарычная спадчына і шчыльныя чалавечыя сувязі будуць і надалей служыць асновай канструктыўнага дыялогу паміж Беларуссю і Ізраілем».
Аляксандр Лукашэнка пажадаў Іцхаку Герцагу моцнага здароўя і поспехаў, а жыхарам Ізраіля — шчаслівага жыцця і росквіту.
Чытайце таксама:
Прэзідэнт Аргенціны Мілей праспяваў на канцэрце ў гонар Нетаньяху