Перавозчык не ўзяў мінчанку ў аўтобус, бо ў яе віза пачынала дзейнічаць праз чатыры гадзіны. А да мяжы было больш
Беларуска абурылася адмовай кіроўцы, бо да Брэста ехаць трэба было чатыры гадзіны, і перад пунктам пропуску ў чарзе стаяла больш за 30 аўтобусаў.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: BGmedia
Беларуска распавяла ў Threads, што ўвечары 18 красавіка планавала ехаць з Мінска ў Варшаву. Але кіроўца Ecolines не ўпусціў яе ў аўтобус, бо віза ў яе пачынала дзейнічаць на наступны дзень. Дзяўчына была абураная гэтым — да мяжы ехаць было чатыры гадзіны, а перад пунктам пропуску «Брэст» была аўтобусная чарга, расказвае BGmedia.
Чаму мінчанку не ўпусцілі ў аўтобус, хоць віза пачынала дзейнічаць праз пару гадзін
Беларуска ўжо выдаліла свой пост у Threads, але яго скрыншот ёсць у BGmedia.
«Толькі што яны [Ecolines] мяне не ўпусцілі ў аўтобус да Варшавы, таму што мая віза пачынаецца з 19.04.
Аўтобус адпраўляецца 18.04 у 20:00, ехаць да Брэста мінімум 4 гадзіны, на мяжы больш за 30 аўтобусаў. З чаго вынікае, што мяжу я буду праходзіць 19.04. Аднак ні па-добраму, ні па-кепскаму выконваць аплачаныя мною паслугі кампанія Ecolines адмовілася.
Грошы вяртаць яны адмаўляюцца. Нехта быў у такой сітуацыі? Ці магу я падаць на іх у суд?»
У каментарах дзяўчыне параілі паступіць наступным чынам: ехаць у Брэст на цягніку ці звычайным аўтобусе, браць таксі да мяжы, а ўжо ў чарзе перад пунктам пропуску «Брэст» шукаць гэты аўтобус Ecolines. А 00:00 19 красавіка, паводле звестак Дзяржпагранкамітэта, у чарзе стаяла 38 аўтобусаў. Таму дзяўчына лёгка б яго здагнала на мяжы. Прычым выехаць магла і раніцай 19 красавіка.
Ці зрабіла так аўтарка выдаленага паста — невядома.
Ecolines: да перавозкі дапускаюцца пасажыры толькі пры наяўнасці дзейнай візы
На сайце ecolines.by у пачатку раздзела «Правілы перавозкі пасажыраў і багажу на міжнародных рэйсах» пазначана наступнае:
«Увага! Да перавозкі ў краіны, дзе ўстаноўлены візавы рэжым, дапускаюцца пасажыры толькі пры наяўнасці дзейнай візы, тэрмін дзеяння якой не скончыўся на дату рэйса».
А ў пункце №3 «Правы і абавязкі пасажыраў і перавозчыка» ёсць такі абзац:
«На пасадцы пасажыр абавязаны паказаць сапраўдныя праязныя дакументы, якія дзейнічаюць на момант пасадкі ў аўтобус. […] Перавозчык мае права таксама адмовіць у паездцы, калі ў экіпажа аўтобуса ёсць падазрэнні, што праязныя дакументы могуць выклікаць у пасажыра праблемы з памежнымі службамі і затрымку падчас праходжання межаў. […] Перавозчык мае права адмовіць у паездцы, калі тэрмін дзеяння дакументаў не наступіў на момант пасадкі ў аўтобус».
Выходзіць, у гэтай сітуацыі Ecolines прытрымліваўся сваіх жа правіл.
Што кажуць людзі
Каментатары пацвярджаюць, што ў гэтым пытанні Ecolines прынцыповы — не возьме ў аўтобус без дзейнай візы. У офісах кампаніі пасажыраў пра гэта папярэджваюць загадзя.
Аднак, мяркуючы з паведамленняў у памежных чатах, у іншых перавозчыкаў такой праблемы часта няма, калі да пачатку дзеяння візы застаецца пару гадзін, а на мяжы ёсць чэргі:
«Мы з сынам ехалі, у нас аўтобус быў а 19:40 21 снежня, а віза пачынала дзейнічаць з 22 снежня. Усё нармальна, узялі».
«Ехалі «Інтэркарсам». Віза з 01.08. Селі а 20:00 31.07. Усё нармальна. У Брэсце былі толькі ў пачатку першай гадзіны».
Таксама карыстальнікі пішуць, што беларускія памежнікі візы не правяраюць. Таму ў беларускі пункт пропуску можна заехаць і без дзейнай візы. Галоўнае, каб яна пачала дзейнічаць на момант кантролю ў еўрапейскім пункце пропуску.