БЕЛ Ł РУС

«Праца дысцыплінуе». Былых зняволеных адправілі збіраць камяні

22.04.2026 / 09:58

Nashaniva.com

У Мастоўскім раёне былых зняволеных цэнтралізавана адправілі ў сельгаспрадпрыемства «Імя Адама Міцкевіча» збіраць камяні і прыбіраць фермы. Міліцыя называе гэта «пераасэнсаваннем памылак», а праваабаронцы — парушэннем правоў чалавека, піша Hrodno.Life. 

Фота: vk.com / uvdgrodno

У Мастоўскім раёне людзей, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС, накіравалі на працы ў сельгаспрадпрыемства «Імя Адама Міцкевіча», паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама. У афіцыйных паведамленнях іх называюць «падуліковымі»(«подучетными»).

Паводле звестак міліцыі, людзі займаліся ачысткай палёў ад камянёў — гэта, як сцвярджаецца, павінна знізіць рызыку паломкі тэхнікі і павысіць ураджайнасць. Таксама іх прыцягвалі да навядзення парадку на ферме, дзе жывуць цяляты.

Што кажуць у міліцыі

Падобныя «акцыі» праводзяцца рэгулярна. У ведамстве іх падаюць як элемент сацыялізацыі: праца на зямлі, паводле версіі праваахоўнікаў, павінна спрыяць «выпраўленню» і вяртанню да нармальнага жыцця.

«Праца, у тым ліку на свежым паветры і ў сельскай мясцовасці, дысцыплінуе чалавека, дае магчымасць пераасэнсаваць памылкі мінулага і адчуць прыналежнасць да жыцця раёна. Са свайго боку праваахоўнікі працягнуць спрыяць у працаўладкаванні і сацыялізацыі грамадзян, якія раней аступіліся, арыентуючы іх на пошук стабільнай крыніцы даходу, бо гэта залог законапаслухмянага ладу жыцця», — упэўнены ў міліцыі.

Пра тое, ці заплацілі людзям за працу, не ўдакладняецца.

Людзі працавалі і на ферме. Фота: vk.com / uvdgrodno

Што кажуць праваабаронцы

Праваабаронцы адносяць такія працы ў сельскай гаспадарцы да катэгорыі прымусовай працы.

Практыка мабілізацыі людзей на абавязковыя працы ў мэтах эканамічнага развіцця супярэчыць Канвенцыі МАП №105, якая забараняе выкарыстанне прымусовай працы нават у выключных выпадках.

Міжнародныя структуры, уключаючы органы ААН, раней крытыкавалі падобныя практыкі, напрыклад, у Туркменістане, дзе дзяржаўных службоўцаў, студэнтаў і работнікаў прыцягваюць да сельгаспрац пад пагрозай санкцый. У Беларусі падобную ролю адыгрываюць сезонныя кампаніі: вясной — збор камянёў з палёў, восенню — збор ураджаю.

Акрамя людзей, якія знаходзяцца на ўліку, да такіх прац у Беларусі прыцягваюцца студэнты, бюджэтнікі, вайскоўцы і нават школьнікі.

Збор камянёў у Мастоўскім раёне. Фота: vk.com / uvdgrodno

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула