«Не запатрабавана». З вядомага кафэ Mon Nom на Трактарным прыбралі беларускамоўнае меню
Раней беларускамоўнае меню было адной з фішак установы ў «доме з русалкамі».
Фота: relax.by
Аднак калі нядаўна адна з наведніц зайшла ў кафэ Mon Nom на Трактарным заводзе і па старой традыцыі папрасіла ў афіцыянта беларускамоўнае меню, ёй адказалі, што «яго даўно прыбралі».
Прычына знікнення, па словах супрацоўнікаў, звязаная з незапатрабаванасцю.
«Раней на беларускамоўнае меню быў запыт, таму мы друкавалі і на рускай мове, і на англійскай, і на беларускай. За апошні час ніхто беларускамоўнае меню ў нас не прасіў, таму мы яго больш не падаём», — распавялі ў кавярні.
Пры гэтым у мінулым афіцыянты прыносілі меню на роднай мове, толькі пачуўшы, як наведвальнікі на ёй размаўляюць — пра гэта нават не трэба было прасіць.
У 2023 годзе бістро Mon Nom адкрылася таксама ў Варшаве (а ў 2025‑м яшчэ адно). У варшаўскім аналагу кафэ сёння прапаноўваюць меню і на беларускай, і на польскай, і на ўкраінскай, і на англійскай мовах.