«Хочам бачыць добрую волю і з іншага боку». Прэм'ерка Літвы сказала, калі палепшацца адносіны з Беларуссю
Прэм’ер-міністарка Літвы Інга Ругінене заявіла, што яе краіна не мяняе сваю пазіцыю адносна адносін з Беларуссю, а паляпшэнне адносін магчымaе толькі пры наяўнасці «добрай волі» з беларускага боку, піша LRT.
Інга Ругінене. Фота: AP Photo/Ebrahim Noroozi
«Мы не мяняем пазіцыю, і пазіцыя ўрада выразная. Мы гатовыя [да дыялогу з Беларуссю], проста хочам бачыць добрую волю і з іншага боку», — сказала Інга Ругінене журналістам 22 красавіка.
Пры гэтым яна падкрэсліла, што гаворка не ідзе пра аднаўленне добрых адносін ці шырокага палітычнага дыялогу, якія існавалі некалі. Магчымыя толькі абмежаваныя і тэхнічныя кантакты, як гэта робяць іншыя краіны.
Паводле слоў Інгі Ругінене, для гэтага Беларусь павінна выканаць шэраг умоў. Сярод іх — вырашэнне праблем з кантрабанднымі шарамі, нелегальнай міграцыяй і затрыманымі ў Беларусі грузавікамі.
«Гэта здаецца простымі штодзённымі ўмовамі, тым больш, што яны ўзніклі праз дзеянні Беларусі. Мне здаецца, што пасля іх выканання сапраўды можна будзе казаць пра пэўную сустрэчу для абмену інфармацыяй», — адзначыла прэм’ер.
Пакуль жа гэтыя пытанні не вырашаныя, Літва не бачыць падстаў для нармалізацыі адносін. У той жа час у Вільні дапускаюць магчымасць дыялогу на ніжэйшым узроўні — выключна для абмену інфармацыяй, як раней паведаміў галоўны дарадца прэзідэнта Літвы па пытаннях нацыянальнай бяспекі Дэйвідас Матулёніс.
Раней падобную пазіцыю агучваў і сам прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, які таксама звязвае любыя зрухі ў дыялогу з канкрэтнымі крокамі Мінска.
Чытайце таксама:
Студэнты ЕГУ баяцца вяртацца дадому
МЗС Беларусі «пакуль не бачыць гатоўнасці літоўскага боку да сур'ёзнай размовы»
Ругінене: Для перамоў з Беларуссю ўжо нават прызначаны чалавек