Мільярдэр Джасцін Сан абвінаваціў сям'ю Трампа ў вымагальніцтве. Ён уклаў мільёны ў яе крыптавалюту
Па сцвярджэнні Сана, World Liberty (яе сузаснавальнікамі з'яўляюцца сам Трамп і яго сын Эрык) «замарозіла» ўсе токены, якія належаць яму, і пазбавіла яго права голасу па пытаннях кіравання кампаніяй.
Фота: Edwin Koo/Bloomberg via Getty Images
Мільярдэр і заснавальнік крыптавалютнага праекта TRON Джасцін Сан падаў у суд на кампанію World Liberty Financial, якая належыць сям'і прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, піша Бі-бі-сі.
Сан абвінаваціў World Liberty, якая займаецца выпускам крыптавалюты, у вымагальніцтве і рэалізацыі «незаконнай схемы» па канфіскацыі выпушчаных ёю токенаў WLFI.
Па сцвярджэнні Сана, World Liberty (яе сузаснавальнікамі з'яўляюцца сам Трамп і яго сын Эрык) «замарозіла» ўсе токены, якія належаць яму, і пазбавіла яго права голасу па пытаннях кіравання кампаніяй.
World Liberty адхіліла гэтыя абвінавачванні і заявіла, што Сан «спрабуе прадставіць сябе ахвярай і робіць беспадстаўныя сцвярджэнні, каб схаваць свае ўласныя непрывабныя дзеянні».
Сан вядомы як прыхільнік Трампа і яго палітыкі ў дачыненні да крыптавалют. Аднак ён абвінаваціў «некаторых людзей», звязаных з World Liberty Financial, у дзеяннях, якія супярэчаць каштоўнасцям прэзідэнта ЗША.
«Яны беспадстаўна замарозілі ўсе мае токены, адабралі ў мяне права голасу па прапановах у дачыненні да кіравання і прыстрашылі незваротна знішчыць мае токены шляхам «спальвання» без якога-небудзь законнага абгрунтавання», — заявіў у сацсетках Сан.
Сан вядомы як заснавальнік крыптавалютнага праекта TRON, які выпускае крыптавалюту Tronix (яна не звязана з дзейнасцю World Liberty Financial). Бізнэсмен першапачаткова інвеставаў у WLFI 45 млн долараў і заяўляў, што кошт купленых ім токенаў дасягаў больш за 1 млрд даляраў.
Аднак з верасня мінулага года кошт токена WLFI ўпаў з 31 цэнта да менш чым 8 цэнтаў.
У чым сутнасць абвінавачванняў
Сан тлумачыў удзел у World Liberty сваёй даўняй падтрымкай крыптавалютных пачынанняў і тым, што гэта кампанія належыць сям'і Дональда Трампа.
У ліпені 2025 года ён таксама купіў мемкойны Трампа (крыптавалюту, створаную прэзідэнтам ЗША) на суму 100 млн даляраў.
Пры гэтым Сан сцвярджае, што менеджары World Liberty, у тым ліку яшчэ адзін яе сузаснавальнік Чэйз Хера, бачаць у кампаніі «залатую магчымасць выкарыстоўваць гандлёвую марку Трампа для ўзбагачэння пры дапамозе махлярства».
У сваёй скарзе, якая ў аўторак была накіравана ў федэральны суд Сан-Францыска, Сан піша, што дадзеныя кампаніяй абяцанні ў будучыні забяспечыць для ўладальнікаў токенаў магчымасць гандлю крыптавалютай «былі ілжывымі і ўводзяць у зман».
Сан заяўляе, што ў момант, калі токены сталі гандлявацца, World Liberty Financial не дала яму прадаць ніводзін з іх, а цяпер пагражае «спаліць» яго крыптавалюту, цалкам знішчыўшы яе.
Зак Уіткоф, яшчэ адзін сузаснавальнік кампаніі World Liberty Financial і сын спецыяльнага пасланца Трампа Стыва Уіткафа, назваў пазоў Сана «адчайнай спробай адцягнуць увагу ад яго ўласных непрыстойных учынкаў».
«Яго сцвярджэнні не маюць ніякіх падстаў, і World Liberty гатовая дамагчыся, каб суд хутка адхіліў гэтую справу», — сказаў Зак Уіткоф. Ён дадаў, што Сан быў вінаваты ў «правінах, якія вымусілі World Liberty прыняць меры для сваёй абароны і абароны карыстальнікаў».
«Адзінае, што было яшчэ больш дурное за гэты пазоў, — гэта выдаткаваць 6 млн даляраў на банан, прылеплены да сцяны скотчам», — дадаў Эрык Трамп.
Ён мае на ўвазе, што ў канцы 2024 года Сан купіў на аўкцыёне Sotheby's за 6,2 млн даляраў адну з самых вядомых інсталяцый апошніх гадоў — «Комік» Маўрыцыа Катэлана (яна ўяўляе сабой банан, прылеплены скотчам). Пазней Сан з'еў банан, назваўшы гэта «ўнікальным мастацкім досведам».
У інвестараў таксама ўзніклі асцярогі ў сувязі з тым, што World Liberty бярэ крэдыты, забяспечаныя коштам яе токенаў.
Закрытае расследаванне
Амерыканская Камісія па каштоўных паперах і біржах нядаўна спыніла расследаванне дзейнасці Сана. Сенатар-дэмакрат Элізабэт Уорэн выказала здагадку, што гэта рашэнне можа быць звязана з удзелам бізнесмена ў крыптавалютных праектах Трампа.
Супраць Сана вылучаліся абвінавачванні ў тым, што ён плаціць інфлюэнсерам за рэкламу яго кампаній у сацсетках, але не паведамляе пра такія плацяжы публічна.
Тым часам рэзка ўпалі ў цане акцыі яшчэ аднаго звязанага з інтэрнэтам праекта Дональда Трампа — яго сацыяльнай сеткі Truth Social. Кампанія, якой належыць сацсетка, звольніла яе генеральнага дырэктара, былога каліфарнійскага кангрэсмена Дэвіна Нунеса.
На працягу мінулага года акцыі Trump Media & Technology ўпалі ў цане амаль на дзве траціны. Гэтая фірма пакуль не можа прыцягнуць у сацсетку значную колькасць новых карыстальнікаў, больш за ўсё Truth Social вядомая як месца, дзе Трамп публікуе свае паведамленні.