БЕЛ Ł РУС

У расійскім курортным Туапсэ экалагічная катастрофа — пажар на НПЗ не могуць патушыць, ідуць нафтавыя дажджы

23.04.2026 / 15:24

Антось Жупран

Мясцовы нафтаперапрацоўчы завод — адзіны ў Расіі з выхадам да Чорнага мора. Гэта робіць горад прынадай для ўкраінскіх удараў.

Туапсэ. 22 красавіка 2026 года. Фота: тэлеграм-канал «Мой Туапсе» 

Горад Туапсэ ў Краснадарскім краі ў савецкія часы развіваўся перадусім як порт і нафтавы хаб, а курортная функцыя сфармавалася пазней. Размяшчэнне прамысловай інфраструктуры вызначалася зручнасцю, а не экалагічнымі або рэкрэацыйнымі фактарамі. У выніку небяспечныя вытворчасці не былі вынесены за межы горада, а апынуліся ў межах жылой забудовы. Побач з пляжамі знаходзяцца чыгунка, порт і нафтабаза. Туапсінскі нафтаперапрацоўчы завод размешчаны непасрэдна ў прыбярэжнай частцы горада — у непасрэднай блізкасці ад порта і чыгуначных шляхоў.

За апошні тыдзень беспілотнікі УСУ атакавалі Туапсэ двойчы. Першая атака адбылася ў ноч на 16 красавіка. Удары наносіліся па НПЗ, які належыць «Раснафце» і перапрацоўвае да 12 мільёнаў тон нафты ў год — каля 4% агульнанацыянальнага аб’ёму.

У выніку першай атакі ў мора выліліся значныя аб’ёмы нафты, што прывяло да ўтварэння плямы памерам прыкладна паўтара футбольнага поля. Паводле паведамленняў СМІ, дым ад пажару распаўсюдзіўся на сотні кіламетраў. Тушэнне працягвалася амаль чатыры дні, і толькі 19 красавіка агонь удалося лакалізаваць.

Аднак у ноч на 20 красавіка адбылася паўторная атака — па НПЗ і гарадскім порце. Удары прыйшліся па рэзервуарным парку, у выніку чаго ўзнік новы маштабны пажар.

Даўжыня нафтавай плямы дасягнула каля 7 кіламетраў, што супастаўна з тэрыторыяй некалькіх гарадскіх раёнаў. Пляму на спадарожнікавых здымках зафіксавалі аўтары Telegram-праекта «Прозрачный мир», які займаецца экалагічным маніторынгам. Паводле іх ацэнак, забруджванне не аддаляецца ў адкрытае мора, а, наадварот, дрэйфуе ў бок узбярэжжа, што стварае дадатковыя рызыкі для флоры і фаўны Чарнаморскага рэгіёна.

Рэгіянальны аператыўны штаб прызнаў забруджванне акваторыі порта плошчай каля 10 тысяч квадратных метраў, што істотна менш за ацэнкі незалежных эколагаў. Для ліквідацыі наступстваў выкарыстоўваюцца хуткасныя катары, нафтазборныя судны і бонавыя загароды — спецыяльныя плывучыя бар’еры, прызначаныя для лакалізацыі разліваў. Ачыстка праводзіцца таксама ў рацэ Туапсэ, куды нафта трапіла яшчэ 16 красавіка.

Праз працяглы пажар у горадзе часова спынілі заняткі ў школах і дзіцячых садках. Жыхары паведамляюць пра выпадзенне нафтавага дажджу — масляністых кропель і цёмнага налёту, які з’явіўся пасля пажару. Гэты эфект тлумачыцца тым, што пры гарэнні нафтапрадуктаў у атмасферу трапляюць пары лёгкіх фракцый, якія пасля кандэнсуюцца і вяртаюцца на паверхню. Разам з імі ў навакольнае асяроддзе трапляюць таксічныя рэчывы, небяспечныя пры ўдыханні і кантакце са скурай.

Асаблівую пагрозу ўяўляюць канцэрагенныя злучэнні, у тым ліку бензол, здольны выклікаць цяжкія захворванні, уключаючы лейкемію. У сацыяльных сетках распаўсюджваюцца рэкамендацыі абмежаваць знаходжанне на адкрытым паветры, выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай абароны — рэспіратары, акуляры, закрытае адзенне, а таксама ўважліва сачыць за дзецьмі і мыць хатніх жывёл пасля знаходжання на вуліцы.

22 красавіка эколаг Жора Каванасян апублікаваў відэа і фотаматэрыялы, атрыманыя ад жыхароў пасёлка Крывенкаўскага, які знаходзіцца прыкладна за 25 кіламетраў ад Туапсэ. На кадрах зафіксаваныя нафтавыя разводы і плямы на паверхні дарог пасля ападкаў.

На ўзбярэжжы ўжо знаходзяць птушак, пакрытых нафтай. Валанцёры спрабуюць іх ратаваць і перадаваць у спецыялізаваныя цэнтры для ачысткі. Паводле ацэнак эколагаў, шкода экасістэме можа быць значнай: пад пагрозай знаходзяцца папуляцыі рыбы, малюскаў і марскіх млекакормячых, у тым ліку дэльфінаў. Рэгіён можа на працяглы час стаць непрыдатным для рыбалоўства.

Эксперты адзначаюць, што крытычны час для эфектыўнай ліквідацыі разліваў ужо страчаны: калі ў першыя гадзіны не ўдаецца ізаляваць забруджванне, нафта паступова апускаецца на дно, а затым вяртаецца на бераг пад уздзеяннем хваль і штормаў.

Паводле прагнозаў, наступствы будуць доўгатэрміновымі. Новыя штормы могуць зноў і зноў выкідваць нафтапрадукты на пляжы, а таксічныя выпарэнні будуць негатыўна ўплываць на здароўе насельніцтва, асабліва дзяцей.

Падобная сітуацыя раней назіралася ў Анапе пасля крушэння танкераў: нават праз паўтара года пляжы застаюцца забруджанымі.

У выніку Туапсэ можа стаць зонай павышанай экалагічнай рызыкі на гады. Дакладны маштаб катастрофы яшчэ патрабуе ацэнкі, аднак ужо цяпер відавочна, што наступствы закрануць усю марскую і прыбярэжную экасістэму.

Ваенны аналітык Ян Мацвееў у Telegram-канале «Карты і стрэлачкі» адзначае, што пасля другой атакі стала відавочна: сістэмы супрацьпаветранай абароны не здольныя надзейна прыкрыць гэты аб’ект. Ён не выключае, што ўдары могуць паўтарыцца, што надоўга выведзе з ладу адзіны расійскі НПЗ з выхадам да Чорнага мора.

Чытайце таксама:

У Туапсэ пасля атакі дронаў гарыць мясцовы НПЗ, ёсць ахвяры

УСУ нанеслі паўторны знішчальны ўдар па НПЗ і порце ў Туапсэ

Украіна знішчыла амаль усе рэзервуары на адной з найбуйнейшых нафтабаз Краснадарскага краю

Каментары да артыкула