БЕЛ Ł РУС

Мужчына з інваліднасцю не мог знайсці працу ў вёсцы — у Threads выправілі сітуацыю за пару дзён

23.04.2026 / 12:15

Міра Нікановіч

Жанчына расказала ў Threads пра вяскоўца з інваліднасцю, які не можа знайсці працу. Беларусы вырашылі праблему — цяпер у мужчыны ёсць і праца, і грошы на першы час.

Фота: marisemashko / Threads

Карыстальніца пад нікам marisemashko апублікавала відэа з Мікалаем, 41‑гадовым жыхаром вёскі Дукора, што ў Мінскай вобласці. Праз наступствы чэрапна-мазгавой траўмы Мікалай мае трэцюю групу інваліднасці.

Як шмат хто з беларусаў, з такім статусам мужчына доўга не мог знайсці працу — давялося выжываць на пенсію памерам каля 500 рублёў. Пры гэтым, паводле словаў аўтаркі відэа, Мікалай гатовы працаваць:

«Чалавек непітушчы, хоча працаваць. Зразумела, у мінулым і на ўліку трохі стаяў. Цяпер Коля не п’е, разумее, што яму нельга, і гэта ўжо трэці год. Але яго нават дворнікам нідзе не бяруць. Ён жыве ў старой бацькоўскай хаце».

Траўма Мікалая пакінула наступствы — мужчына мае невялікія праблемы з маўленнем і ў яго трохі горш працуе адна рука. Мікалай стаяў на ўліку па працаўладкаванні, але ніякай карысці гэта не дало.

Пост жанчыны атрымаў сотні каментароў. Прапаноўвалі розныя варыянты — ад звароту ў мясцовую царкву да пераезду ў Падмаскоўе і працы дворнікам у тамтэйшым Нара-Фамінску.

Але атрымалася вырашыць пытанне прасцей. Цяпер у Мікалая ёсць праца ў мясцовым музейным комплексе з аграсядзібай:

«Дзякуючы вам, усім неабыякавым людзям, мне напісалі з «Дукорскага маёнтка». Колю бяруць на працу проста ў Дукоры, яму пешшу да працы, і заробак для яго вельмі дастойны».

Аўтарка паста ўдакладніла ў каментарах, што Мікалай будзе прыбіраць тэрыторыю комплексу, то-бок для яго знайшлі вакансію дворніка. Таксама карыстальніца напісала, што Мікалаю перадалі матэрыяльную дапамогу — праўда, не ўдакладніла, каму за гэта дзякаваць.

Чытайце таксама:

Ад рэкету да продажу фота магіл. Як выглядае знутры групоўка Project X, якая вярбуе людзей для перавозкі мігрантаў з Беларусі ў ЕС

Рэктар ЕГУ пра экстрэмісцкі статус універсітэта: «Самы складаны этап з 2004 года»

Кіраўніка івэнт-агенцтва «Тэра Груп» арыштавалі за «здраду дзяржаве» — Ярашэвіч нібыта шукаў інфармацыю пра наваполацкую калонію

Каментары да артыкула