Колькасць палітвязняў рэзка скарацілася — амаль на 100 чалавек. За кошт чаго?
За апошнія тыдні на сайце «Вясны» рэзка зменшылася колькасць палітвязняў — з 922 да 839 чалавек, пры гэтым пра масавыя вызваленні не чуваць. Праваабаронца «Вясны» патлумачыла «Нашай Ніве», што здарылася.
Фота: «Вясна»
Па стане на пачатак красавіка агульная колькасць палітвязняў складала 922 чалавекі.
20 красавіка да спісу дадалі яшчэ 9 чалавек, але колькасць цяпер істотна меншая, чым два тыдні таму — у ім 839 чалавек. Куды дзеліся амаль 100 палітвязняў?
Праваабаронца «Вясны» патлумачыла «Нашай Ніве», што ў цэнтры вырашылі правесці праверку спіса:
«Мы сабралі звесткі ў тым ліку ад былых вязняў пра тых, хто ўжо вызваліўся. І адпаведна, змянілі такім людзям статус на «былы палітвязень». Таксама правяралі, хто дакладна мусіў быць вызвалены пасля сканчэння тэрміну, і таксама прыбіралі гэтых людзей са спісу палітвязняў».
Пры гэтым неўзабаве «Вясна» плануе даць статус палітвязняў новым беларусам, пра пераслед якіх стала зараз вядома.