Моцны вецер парушыў электразабеспячэнне ў 18 населеных пунктах
З-за моцнага ветру часова адключалася лінія 110 кВ «Аршанская ЦЭЦ — Орша-Паўночная», у выніку чаго быў парушаны рэжым працы Аршанскай ЦЭЦ.
Фота: Віцебскэнерга
Зараз персанал энергасістэмы працуе над аднаўленнем рэжымаў цеплазабеспячэння спажыўцоў, піша БелТА.
Па стане на 13:00 аднаўленчыя работы праводзяцца на 5 лініях электраперадачы 10 кВ у 18 населеных пунктах, пераважна Віцебскага, Лёзненскага, Аршанскага і Дубровенскага раёнаў. Да ліквідацыі наступстваў непагадзі прыцягнуты 44 аварыйныя брыгады, 151 работнік і 52 адзінкі тэхнікі.
Пры неабходнасці будзе аператыўна задзейнічаны дадатковы персанал і спецтэхніка.
РУП «Віцебскэнерга» прыняло ўсе неабходныя меры для аператыўнага аднаўлення электразабеспячэння з захаваннем патрабаванняў бяспекі. Таксама падрыхтаваны рэзервовыя крыніцы харчавання.
У «Віцебскэнерга» нагадваюць, што пашкоджаныя лініі электраперадачы, асабліва абарваныя правады, уяўляюць смяротную небяспеку, і катэгарычна забараняецца набліжацца да іх. Пра ўсе падобныя выпадкі неабходна неадкладна паведамляць у аварыйныя службы па тэлефонах 115 і 144.