Буданаў: Украіна не аддасць Данбас
«Чырвоная лінія простая і ўсім зразумелая. Першае: нічога не аддаем. Гэтага не будзе. Хто б што ні спрабаваў».
Галоўнакамандуючы Аляксандр Сырскі, сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Рустэм Умераў, кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Кірыл Буданаў. Фота: Maksym Kishka/Frontliner/Getty Images
Украіна мае рашэнне адносна Данбаса, якое перадусім задаволіць украінцаў. Тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей ніхто аддаваць не збіраецца, заявіў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Кірыл Буданаў на 18‑м Кіеўскім форуме па бяспецы, піша РБК-Украіна.
«Чырвоная лінія простая і ўсім зразумелая. Першае: нічога не аддаем. Гэтага не будзе. Хто б што ні спрабаваў.Што да Данбаса — мы ведаем пэўнае рашэнне, якое задаволіць перадусім нас. І ніхто не мае права гандляваць зямлёй», — падкрэсліў ён.
Ён адзначыў, што Украіна знаходзіцца ў стане, у якім, калі яна будзе слабой, з ёй увогуле ніхто не будзе размаўляць. Паводле слоў Буданава, унутраная сіла краіны — гэта адзінства, устойлівасць і здольнасць змагацца, а знешняя — праца з партнёрамі.
«Але калі мы будзем раз’яднаныя знутры, усё астатняе страчвае любы сэнс. Нам можна закінуць сюды мільёны танкаў і дронаў, але без адзінства гэта не будзе працаваць», — сказаў ён.
Кіраўнік ОП падкрэсліў, што ў гэтыя часы ўсе ўкраінцы павінны аб’яднацца дзеля выжывання дзяржавы, і дадаў, што «іншых варыянтаў не будзе».
«Таму зараз мы ўсе павінны аб’яднацца вакол выразнай вертыкалі, якую ўзначальвае прэзідэнт Украіны. Усё астатняе прывядзе да катастрофы», — падкрэсліў Буданаў.