БЕЛ Ł РУС

У ЗША вярнулі смяротнае пакаранне на федэральным узроўні, уключаючы расстрэлы

25.04.2026 / 10:10

Nashaniva.com

Рашэнне стала вынікам распараджэння Дональда Трампа, зробленага ім у першы дзень новага прэзідэнцкага тэрміну.

Фота: Andrew Harnik / Getty Images

Міністэрства юстыцыі ЗША абвясціла пра адмену федэральнага мараторыя на смяротныя пакаранні, які быў уведзены ў 2021 годзе падчас прэзідэнцтва Джо Байдэна. Акрамя таго, ведамства санкцыянавала хадайніцтвы аб смяротным пакаранні ў дачыненні да 44 абвінавачаных. Пра гэта паведамляецца на яго сайце.

Рашэнне стала вынікам распараджэння Дональда Трампа, зробленага ім у першы дзень новага прэзідэнцкага тэрміну. Гаворка ідзе пра вяртанне смяротнага пакарання праз ін’екцыю, пашырэнне пераліку спосабаў пакарання за кошт расстрэлу, а таксама спрашчэнне ўнутраных працэдур для паскарэння разгляду спраў аб смяротным пакаранні пасля вычарпання апеляцый.

«Папярэдняя адміністрацыя не выканала свой абавязак па абароне амерыканскага народа, адмовіўшыся пераследаваць і прымяняць найвышэйшае пакаранне супраць самых небяспечных злачынцаў, уключаючы тэрарыстаў, забойцаў дзяцей і забойцаў паліцэйскіх. Пад кіраўніцтвам прэзідэнта Трампа Міністэрства юстыцыі зноў забяспечвае выкананне закона і падтрымлівае ахвяр», — заявіў выканаўчы генеральны пракурор Тод Бланш.

У 2025 годзе Дональд Трамп падпісаў указ аб увядзенні смяротнага пакарання для абвінавачаных у забойствах, учыненых у Вашынгтоне. У тым жа годзе ў ЗША ўпершыню за 15 гадоў асуджанага пакаралі смерцю праз расстрэл. Такім чынам быў пазбаўлены жыцця 67‑гадовы Брэд Сігман, асуджаны за забойства бацькоў сваёй былой дзяўчыны з дапамогай бейсбольнай біты ў 2001 годзе. Мужчына сам абраў расстрэл як спосаб пакарання.

У ЗША смяротнае пакаранне выконваецца на ўзроўні штатаў: баланс прыкладна 50 на 50. Яно фактычна адмененае ў штатах Нью-Ёрк, Нью-Джэрсі, Мерыленд, Каліфорнія. Смяротнае пакаранне выкарыстоўваецца ў многіх паўднёвых штатах, у прыватнасці, Тэхасе, Фларыдзе, Алабаме, Луізіяне, абедзвюх Каралінах, а таксама Арызоне, Мантане і іншых.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула