БЕЛ Ł РУС

Падлеткам дазволілі працаваць трактарыстамі на вёсцы

25.04.2026 / 16:10

Nashaniva.com

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны паведаміла пра карэктаванне пераліку забароненых для падлеткаў работ. Згодна з пастановай №19 ад 9 красавіка 2026 года, са спісу забароненых работ выключылі прафесію «трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці».

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Гэта рашэнне прынялі таму, што арт. 25 закона «Аб дарожным руху» дазваляе з 17 гадоў атрымліваць права кіравання колавым трактарам і самаходнай машынай катэгорый A, B, C, F.

«На практыцы ўзнікла сітуацыя, калі выпускнікі прафтэхвучылішчаў, якія не дасягнулі васямнаццаці гадоў, ужо маюць пасведчанне трактарыста-машыніста, але не могуць працаваць па спецыяльнасці. Каб ліквідаваць гэтую супярэчнасць і пашырыць магчымасці працаўладкавання падлеткаў, забарона знятая», — патлумачылі ў міністэрстве.

Акрамя таго, для трох прафесій павысілі мінімальны разрад выканання работ, з якога забаронена праца непаўналетніх — з другога на трэці. Гэта закране прафесіі брашуроўшчыка, пераплётчыка, слесара па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання.

«Павышэнне разраду звязана з тым, што пры выкананні работ па другім разрадзе па гэтых прафесіях адсутнічаюць фактары павышанай небяспекі, напрыклад, адкрытыя элементы, якія рухаюцца ці круцяцца, перавышэнне нормаў па перамяшчэнні і пад’ёме цяжараў уручную. А вось пры выкананні работ па трэцім разрадзе і вышэй такія фактары прысутнічаюць», — адзначылі ў ведамстве.

Асноўныя палажэнні пастановы набываюць моц з 26 красавіка.

Чытайце таксама:

«Апошні трактар ​​забярэ банк». Як фермер пабудаваў унікальны бізнэс, але праз 30 гадоў усё страціць

МАРГ праверыла прадаўцоў кветак і знайшло шмат парушэнняў

Стала вядома, на якіх умовах пакістанскія рабочыя будуць працаваць у Беларусі

Каментары да артыкула