БЕЛ Ł РУС

«Пра цяжарнасць ведалі толькі яна і яе хлопец». Сталі вядомыя падрабязнасці гісторыі з мёртвым немаўлём, знойдзеным у Баранавічах у пакеце

25.04.2026 / 19:15

Nashaniva.com

Днямі ў Баранавічах адбыўся шакавальны выпадак: у бальніцу трапіла 18‑гадовая дзяўчына з прыкметамі нядаўніх родаў, а па месцы яе жыхарства знайшлі цела немаўляці ў пакеце і з цялеснымі пашкоджаннямі. Навіна хутка абляцела горад. «Анлайнер» адшукаў тых, хто блізка знаёмы з сітуацыяй, і расказаў, што вядома на гэты момант.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com

«Баялася сказаць маме»

Баранавічы — дастаткова буйны горад з добра развітай інфраструктурай. Шматпавярховыя дамы тут часта суседнічаюць з прыватным сектарам, паступова выцясняючы апошні.

Пра тое, што ў адным з дамоў 20 красавіка здарылася трагедыя, стала вядома ў сераду, 22 красавіка. У апошнія дні пра гэта гавораць усе Баранавічы. Вось што расказаў «Анлайнеру» Віктар (імя зменена):

«Знаёмы працуе ў «рытуале», ён выязджаў туды забіраць цела немаўляці. Дом размешчаны ў прыватным сектары. Немаўля было з неабрэзанай пупавінай… Увогуле, жудасная гісторыя».

Крыніца, знаёмая з сітуацыяй, пацвердзіла, што трагедыя сапраўды адбылася ў адным з прыватных дамоў. Дзяўчына пачала жыць у бабулі недзе з канца мінулага года.

«У іх звычайная сям'я сярэдняга дастатку: мама, тата (дзяўчыне прыходзіцца айчымам. — Заўв. «Анлайнер»), яшчэ адно дзіця. У СНП (сацыяльна небяспечнай сітуацыі) не стаяла. У мінулым годзе ў яе былі адносіны з хлопцам, ад якога яна зацяжарыла. Пра гэта ведалі толькі яны абое. Даведаўшыся пра цяжарнасць, дзяўчына вырашыла разарваць адносіны з хлопцам. У планах у яе было нарадзіць і пакінуць дзіця ў бальніцы», — кажа суразмоўца, знаёмы з сітуацыяй.

Паводле яго слоў, дзяўчына баялася гневу бацькоў, яна перажывала, што калі тыя даведаюцца пра цяжарнасць, будуць яе лаяць. Яе мама таксама нарадзіла дзіця рана і пры нагодзе заўсёды падкрэслівала, што не варта гэтага рабіць у раннім узросце. Відаць, таму бліжэй да таго тэрміну, калі можа быць ужо заўважны жывот, дзяўчына пераехала жыць да бабулі ў прыватны сектар.

«Бабуля таксама нічога не ведала і не здагадвалася: дзяўчына сама па сабе пухленькая, насіла адзенне оверсайз. Невядома, што і як яна планавала з родамі, але яны, відаць, здарыліся нечакана для яе. Ноччу бабуля пачула нейкія гукі з ваннай, паднялася да яе на другі паверх, спытала, што здарылася. Унучка яе супакоіла, што ўсё, маўляў, добра. Праз некаторы час бабуля паднялася да яе яшчэ раз, знайшла дзяўчыну ўжо ў пакоі і, занепакоеная яе станам, выклікала хуткую».

Далей, як паведамляў Следчы камітэт, медыкі заўважылі, што юная пацыентка паступіла з прыкметамі нядаўніх родаў, і звярнуліся ў міліцыю. У доме бабулі, дзе дзяўчына жыла апошнім часам, у пакеце знайшлі цела нованароджанага дзіцяці «з цялеснымі пашкоджаннямі».

Дзяўчына ўсё яшчэ знаходзіцца ў бальніцы. Следства працягваецца.

Чытайце таксама:

У Баранавічах адразу пасля нараджэння загінула немаўля

У Мазыры шматдзетная маці два гады даглядала інваліда, а пасля забіла яго

Як Ксюша з СМА апынулася ў Доме дзіцяці пры жывой маме? Вось што кажа сама маці

Каментары да артыкула