Беларускія навукоўцы з Гомеля распрацавалі біядабаўку для лячэння мужчынскага бясплоддзя
Навукоўцы Інстытута радыёбіялогіі НАН Беларусі на працягу пяці гадоў вывучалі негатыўнае ўздзеянне электрамагнітных палёў сотавай сувязі на арганізм чалавека. Яны знайшлі біядабаўку на аснове расліннага флаваноіду для мужчын. Паводле распрацоўшчыкаў, яна валодае вялікім патэнцыялам — на аснове дабаўкі ў будучыні можна стварыць лекі для лячэння мужчынскага бясплоддзя, піша Sputnik.
На працягу апошніх пяці гадоў супрацоўнікі Інстытута радыёбіялогіі НАН Беларусі ў Гомелі праводзілі работы па ацэнцы негатыўнага ўздзеяння электрамагнітных палёў сотавай сувязі на жывыя арганізмы. Аналізуючы атрыманыя даныя, навукоўцы распрацавалі лінейку біялагічна актыўных рэчываў шырокага спектра дзеяння, якія валодаюць радыёпратэктарнай актыўнасцю.
Сярод іх — дабаўка, якая паказала станоўчы эфект у карэкцыі рэпрадуктыўных парушэнняў у мужчын.
«У выніку прымянення дадзенага сродку ва ўмовах павышанай электрамагнітнай нагрузкі назіраецца аднаўленне нармальнага функцыянавання сперматагеннага эпітэлію (слой клетак у насенных канальцах, дзе ўтвараюцца сперматазоіды), павялічваецца прадукцыя і жыццяздольнасць спелых палавых клетак — сперматазоідаў», — тлумачыць прынцып працы БАДа дырэктар Інстытута радыёбіялогіі Ігар Чэшык.
Беларускія навукоўцы ўжо распрацавалі рэцэптуру сродку, асноўным кампанентам якога з'яўляецца байкалін — флаваноід расліннага паходжання. Ён аказвае антыстрэсавае і нейрапратэктыўнае (абараняе нервовыя клеткі) дзеянне ва ўмовах пастаяннага электрамагнітнага ўздзеяння. У перспектыве на аснове біядабаўкі распрацоўшчыкі хочуць стварыць лекі для лячэння мужчынскага бясплоддзя, пацвердзілі ў інстытуце.