«Я ірыс усё роўна з’ем, але вярніце мне 1,29 рубля». Хлопец знайшоў у цукерцы нечаканы сюрпрыз
Беларус расказаў у тыктоку, як набыў цукерку ад «Чырвонага харчавіка».
Фота: a7suchka / TikTok
Хлопец у тыктоку апублікаваў ролік, як распакоўвае цукерку «Ірыска» ад «Чырвонага харчавіка». У абгортцы ён знаходзіць, акрамя самой цукеркі, невядомы пластыкавы прадмет — верагодна, дэталь з вытворчасці. Калі б хлопец не заўважыў дэталь і ўкусіў ірыс, гэта магло б дрэнна скончыцца для яго зубоў.
«Я ірыс усё роўна з’ем, але што гэта такое? Вярніце мне 1,29 рубля», — са смехам падсумоўвае хлопец.
Відэа сабрала 583 тысячы праглядаў.
Каментатары палічылі і хлопца, і яго сябра-аператара, які здымаў відэа, вельмі абаяльнымі — так што прэтэнзія да «Чырвонага харчавіка» аказалася ледзь не рэкламай:
«Гэта табе цацка, як у кіндары».
«Вазьміце яго для рэкламы вашай прадукцыі. Вельмі прыемны хлопец».
«Якія пазітыўныя хлопцы, малайцы».
Прадстаўнікі «Чырвонага харчавіка» звязаліся з хлопцам. Яго запрасілі на бясплатную экскурсію па вытворчасці і, вядома, вярнулі грошы за ірыс. Тыктокер тым часам паабяцаў сваім гледачам, што зробіць відэа на вытворчасці, і загадаў ім не думаць нічога дрэннага «пра гэтую цудоўную фабрыку».
Зусім нядаўна «Чырвоны харчавік» ужо трапляў у інтэрнэт-трэнды. Усё праз зефір NanoFit, дзе цукар заменены мальтытам — гэтае рэчыва мае паслабляльны эфект. Карыстальнікі Threads, калі даведаліся пра гэта, кінуліся правяраць дзеянне зефіру на сабе, і продажы ласунку выраслі.
Чытайце таксама:
Высветлілі, як есці той папулярны зефір, які абмяркоўваюць у сацсетках праз яго паслабляльны эфект
Продажы бабруйскага зефіру з паслабляльным эфектам толькі выраслі