Бяляцкі сустрэўся з прэм'ер-міністрам Літвы і іншымі чыноўнікамі. Сярод тэм — магчымасць здаваць экзамены на вадзіцельскія правы па-беларуску
Нобелеўскі лаўрэат і былы палітвязень Алесь Бяляцкі падчас візіту ў Вільню правёў сустрэчу з прэм'ер-міністаркай Літвы Інгай Ругінене.
Фота: «Вясна»
Бяляцкі сустрэўся таксама са спікерам Сейма Літвы Юозасам Олекасам, міністрам унутраных спраў Уладзіславам Кандратовічам, намесніцай міністра замежных спраў Аўдрай Плепітэ і іншымі прадстаўнікамі літоўскай улады. З ім таксама быў дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі.
«У цэнтры ўвагі на сустрэчах былі пытанні, якія непасрэдна закранаюць жыццё тысяч беларусаў: падтрымка палітвязняў і іх сем’яў, дапамога грамадзянскай супольнасці, а таксама ўмовы для беларусаў, якія цяпер жывуць у Літве, — расказаў Кучынскі дэталі сустрэч «Нашай Ніве». — Важна, што размова ішла не толькі пра прынцыпы, але і пра практычныя рашэнні.
Сярод канкрэтных вынікаў — дамоўленасць пра магчымасць здаваць экзамены на вадзіцельскія правы на беларускай мове, якая была дасягнута на сустрэчы з МУС Літвы (дарэчы сустрэча з міністрам і яго камандай працягвалася каля гадзіны і была цалкам па-беларуску, бо і міністар і ягоны дарадца цудоўна валодаюць беларускай мовай)».
Абмяркоўвалася таксама будучыня Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.
«Не менш важным было пытанне развіцця беларускіх арганізацый і ініцыятыў у Літве — праваабарончага цэнтра «Вясна», Беларускага дома, Беларускай гімназіі і іншых культурных, грамадскіх і адукацыйных праектаў. Менавіта гэтыя інстытуцыі сёння фармуюць прастору беларускай прысутнасці і ідэнтычнасці за мяжой.
Асобны блок размоў быў прысвечаны ўзмацненню ціску на рэжым Лукашэнкі. Літва працягвае займаць прынцыповую і лідарскую пазіцыю ў гэтым пытанні, і гэта мае рэальнае значэнне. Менавіта паслядоўны міжнародны ціск застаецца ключавым фактарам, які можа прымусіць рэжым да зменаў», — дадаў Кучынскі.
Бяляцкі і Кучынскі сустрэліся таксама з кіраўніком кансерватыўнай партыі Літвы Лаўрынасам Кашчунасам.
Фота: «Вясна»
«Ён назваў Алеся Бяляцкага сапраўдным героем, сімвалам стойкасці і маральнага аўтарытэту. Падчас размовы абмяркоўваўся шырокі спектр пытанняў: ад унутранай сітуацыі ў Беларусі да гібрыдных пагроз у рэгіёне і важнасці падтрымкі беларусаў у Літве.
Таксама асобна закраналіся інфармацыйныя выклікі і спробы рэжыму навязваць штучныя і раз’яднальныя наратывы пра беларускую супольнасць, у тым ліку тэму так званага «ліцвінізму». Было важна падкрэсліць: гэтыя канструкцыі не адлюстроўваюць рэальных прыярытэтаў беларусаў і выкарыстоўваюцца як інструмент маніпуляцыі і дыскрэдытацыі».
Алесь Бяляцкі падкрэсліў, што «Вясна» і іншыя беларускія арганізацыі працягваюць сваю працу, нягледзячы на перашкоды з боку рэжыму