Каб не плаціць 21 рубель штрафу, гамяльчук прадставіўся іменем сябра. І атрымаў крыміналку
Павучальная гісторыя адбылася ў чэрвені мінулага года ў Гомелі. У першую суботу лета 40‑гадовы мясцовы жыхар выпіў, набыў у цэнтры горада букет для сваёй дзяўчыны і паехаў да яе на аўтобусе. У мэтах эканоміі вырашыў не прабіваць талон, які ў яго быў.
На наступным жа прыпынку ў салон зайшлі кантралёры. Пасажыру з кветкамі прыйшлося выйсці з імі з аўтобуса, распавядае СК.
У безбілетніка кантралёры спыталі яго імя, прозвішча, каб выпісаць штраф. Эканомны мужчына адказаў, што дакументаў не мае з сабою, але, як піша СК, упэўнена назваў свае прозвішча, імя, імя па бацьку, дату і месца нараджэння, адрас рэгістрацыі.
Кантралёр запісаў гэтыя даныя для штрафу ў 21 рубель. Мужчына распісаўся ў дакуменце і накіраваўся па сваіх справах.
Праз паўтара месяца падман выкрыўся.
Нясплачаны штраф павіс на школьным таварышы безбілетніка. Вырасла пеня, і з банкаўскага рахунку аднакласніка спісалася 126 рублёў.
Той пабачыў нястачу перад здзяйсненнем важнай здзелкі. Здзелку прыйшлося адмяніць, бо мужчыну спатрэбілася прайсці шэраг інстанцый, каб пазбавіцца статусу штрафніка.
У сакавіку 2026 года «прадпрымальнаму» жыхару Гомеля прад'яўлена абвінавачанне па ч.1 арт. 203‑1 (наўмыснае незаконнае прадастаўленне персанальных звестак іншай асобы без яе згоды, што пацягнула прычыненне істотнай шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам грамадзяніна) Крымінальнага кодэкса.
Пакаранне — ад грамадскіх спраў да двух гадоў пазбаўлення волі.