БЕЛ Ł РУС

Былы камерцыйны дырэктар «Яндэкса» загінуў у Расіі пры загадкавых абставінах

27.04.2026 / 15:30

Nashaniva.com

Чацвёра бізнэсоўцаў адправіліся рыбаліць у моцны шторм на маторнай лодцы. Не выжыў ніхто.

Фота: прэс-служба «Яндэкса».

Цела 44‑гадовага Сяргея Лойтэра знайшлі сярод зніклых без вестак рыбакоў, якія адправіліся на Волгу ў Валгаградскай вобласці ў моцны шторм на невялікай маторнай лодцы, піша V1.ru

Сярод іншых зніклых быў цесць Сяргея, буйны валгаградскі бізнэсмен і забудоўшчык Аляксандр Назараў.

Раніцай 24 красавіка яны ўчатырох адправіліся рыбачыць. Прыкладна а 12:00 таго ж дня на беразе Волгі знайшлі цела аднаго з рыбакоў. Ім быў асабісты кіроўца бізнэсмена Ігар Прохараў.

— У загінулага выявілі траўмы галавы. Папярэдне, яны вярталіся назад і або перавярнуліся, або аб нешта ўдарыліся. У яго ёсць дзве яхты, але яны адправіліся на невялікай рыбацкай лодцы «Астраханка», — распавядаў суразмоўца.

25 красавіка знайшлі яшчэ двух зніклых. Сярод іх апынуўся 42‑гадовы Сяргей Лойтэр — генеральны дырэктар падраздзялення ШІ, рэкламных тэхналогій і пошукавай аптымізацыі ў Yango Group.

З 2022 да 2024 года Сяргей займаў пасаду камерцыйнага дырэктара ў «Яндэксе». У маі 2024‑га ён перайшоў у замежнае падраздзяленне расійскага IT-гіганта — «Yango», дзе працаваў да апошняга часу. Лёс самога Аляксандра Назарава пакуль застаецца невядомым. Паводле дадзеных ратавальнікаў, яго цела дагэтуль шукаюць.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула