Расійскім прызыўнікам ужо не даюць выязджаць з краіны праз Беларусь
Навабранцу з Санкт-Пецярбурга забаранілі выезд з Расіі на мяжы з Беларуссю. Паводле праваабаронцаў з расійскага «Руху свядомых адмоўнікаў ад вайсковай службы», гэта першы вядомы такі выпадак, піша праект «Север.Реалии».
Здымак ілюстрацыйны
Малады чалавек атрымаў позву ў красавіку 2026 года. Ад яго патрабавалі з’явіцца на медыцынскае абследаванне. Пасля гэтага ў электронным рэестры позваў з’явілася інфармацыя пра забарону на выезд.
Хлопец спрабаваў пакінуць краіну праз Беларусь. Аднак спачатку яго знялі з рэйса ў Расіі. Потым яму ўдалося даехаць цягніком праз Смаленск у Мінск, Але ўжо ў мінскім аэрапорце яго двойчы не дапусцілі да палётаў у Тбілісі і Ерэван.
Праваабаронцы адзначаюць, што ніякіх афіцыйных дакументаў пра забарону прызыўніку не выдалі — усе тлумачэнні былі толькі вуснымі.
На іх думку, гэта сведчыць пра новыя меры кантролю. Па-першае, абмежаванні пачалі дзейнічаць нават на сухапутнай мяжы паміж Расіяй і Беларуссю, якая раней лічылася бяспечным шляхам для выезду. Па-другое, забарона была выкарыстаная і ў мінскім аэрапорце супраць грамадзяніна Расіі, што можа сведчыць пра абмен данымі паміж ведамствамі дзвюх краін.
З 2024 года ў Расіі працуе электронны рэестр вайсковаабавязаных, праз які рассылаюць позвы і іншыя паведамленні. Яны лічацца атрыманымі нават тады, калі чалавек іх не бачыў.
У рэестры змяшчаюцца асабістыя даныя грамадзян: пашпартная інфармацыя, падатковыя нумары, звесткі пра адукацыю, працу і здароўе. Доступ да гэтай базы маюць не толькі вайсковыя структуры, але і спецслужбы.
У 2026 годзе праз гэты рэестр пачалі ўводзіць адразу некалькі абмежаванняў для навабранцаў, раней жа гэта датычылася галоўным чынам толькі забароны на выезд.
Чытайце таксама:
Былая расійская настаўніца стала вярбоўшчыцай замежнікаў на вайну супраць Украіны
На вайне ва Украіне загінуў расійскі актывіст, які быў супраць вайны і заклікаў не ісці на яе