БЕЛ Ł РУС

Хакеіст мінскага «Дынама» Віталь Пінчук пайшоў гуляць у НХЛ. Лукашэнка спадзяваўся, што ён не «збяжыць»

27.04.2026 / 20:41

Nashaniva.com

24‑гадовы беларускі хакеіст Віталь Пінчук пераходзіць з мінскага «Дынама» ў клуб НХЛ «Нэшвіл Прэдатарз». Пра гэта паведаміла прэс-служба каманды.

Віталь Пінчук

Сам спартсмен раней развітаўся з мінскім «Дынама» і падзякаваў кіраўніцтву, трэнерам і заўзятарам клуба, запэўніўшы, што «Мінск для мяне назаўсёды застанецца асаблівым месцам». Ён адзначыў, што шэсць гадоў у «Дынама» сталі для яго важным этапам жыцця, падчас якога ён вырас як гулец і як чалавек.

Пінчук выказаў удзячнасць кіраўніцтву клуба за стварэнне ўмоў для развіцця гульцоў і высокі прафесійны ўзровень арганізацыі. Асаблівай падзякі ўдастоіўся былы кіраўнік хакейнай федэрацыі, а цяпер сенатар Дзмітрый Баскаў, бо менавіта ён, па словах Пінчука, у свой час паверыў у яго і даў магчымасць праявіць сябе на высокім узроўні. 

Цікава, што яшчэ ў пачатку красавіка Аляксандр Лукашэнка, наведваючы трэніроўку хакейнага «Дынама» перад ягонай няўдалай серыяй з казанскім «Ак Барсам» у чвэрцьфінале Кубка Гагарына і звяртаючыся да амерыканскага легіянера Сэма Энаса, намаўляў яго заставацца ў «Дынама» далей, гуляючы разам з Пінчуком:

«Сэм, 5 гадоў ты яшчэ павінен адыграць у Мінску. Разам з Пінчуком. Бо ён збяжыць, калі ты паедзеш куды-небудзь». 

Але выглядае, што беларус Пінчук наважыўся на «ўцёкі» ў Амерыку незалежна ад рашэння амерыканца. 

Чытайце таксама:

Іллю Протаса прызналі найлепшым навічком АХЛ

Дзмітрый Баскаў пашырае бізнэс пад брэндам Lepshy

Форвард хакейнага «Дынама-Мінск» хоча, каб заробак яму паднялі да мільёна даляраў за год. Два іншыя ўжо атрымліваюць амаль столькі

Каментары да артыкула