БЕЛ Ł РУС

Французскі юнак трапіў у Сінгапуры пад суд за аблізванне саломінкі для соку

27.04.2026 / 22:23

Nashaniva.com

У Сінгапуры 18‑гадовы падлетак з Францыі можа атрымаць турэмны тэрмін пасля інцыдэнту з аўтаматам для продажу апельсінавага соку, піша Бі-бі-сі.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Getty Image

Паводле матэрыялаў следства, юнак дастаў саломінку з аўтамата, аблізаў яе і вярнуў назад у адсек для выдачы. Усё гэта ён зняў на відэа і выклаў у Instagram. Пазней ролік шырока разышоўся ў інтэрнэце.

Пасля здарэння кампанія, якой належыць аўтамат, паведаміла, што была вымушана замяніць усе 500 саломінак у адсеку і правесці санітарную апрацоўку.

Маладога чалавека абвінавацілі ў наўмысным псаванні маёмасці і стварэнні грамадскай нязручнасці. Калі яго прызнаюць вінаватым па абодвух пунктах, яму пагражае больш за два гады турмы і вялікія штрафы.

Інцыдэнт адбыўся 12 сакавіка ў адным з гандлёвых цэнтраў Сінгапура. На відэа юнак дадаў подпіс, што горад нібыта «небяспечны».

Многія карыстальнікі інтэрнэту адрэагавалі на сітуацыю з абурэннем і агідай пасля таго, як запіс стаў вірусным.

Вядома, што абвінавачаны вучыцца ў сінгапурскім філіяле бізнэс-школы ESSEC. Навучальная ўстанова паведаміла, што таксама праводзіць унутраную праверку.

Чытайце таксама:

«Ты памёр?» Дзіўны кітайскі мабільны дадатак нечакана стаў вірусным

У Малайзіі ўзвялі «экагорад будучыні» за $100 мільярдаў. Але замест 700 тысяч жыхароў там жыве толькі 10 тысяч

Сінгапур уводзіць абавязковае лупцаванне розгамі як пакаранне для анлайн-махляроў

Каментары да артыкула