БЕЛ Ł РУС

Праз атаку беспілотнікаў зноў гарыць НПЗ у Туапсэ

28.04.2026 / 07:58

Nashaniva.com

УСУ зноў атакавалі Туапсінскі НПЗ. Там — трэці за два тыдні пажар. Папярэдні ўдалося пагасіць толькі чатыры дні таму. 

У Краснадарскім краі Расіі пасля чарговай атакі беспілотнікаў успыхнуў пажар на Туапсінскім нафтаперапрацоўчым заводзе. Улады рэгіёна паведамілі, што ўзгаранне адбылося з-за «падзення абломкаў», і, паводле папярэдніх звестак, пацярпелых гэтым разам няма.

Гэта ўжо трэці пажар на прадпрыемстве за апошнія два тыдні — раней НПЗ аказваўся пад атакай дронаў 16 і 20 красавіка.

Сітуацыя ў рэгіёне застаецца крытычнай з пункту гледжання экалогіі. Раней эколагі зафіксавалі ў Чорным моры нафтавую пляму плошчай каля 10 квадратных кіламетраў, а ў самім Туапсэ выпадалі «нафтавыя» ападкі. Канцэнтрацыя шкодных рэчываў у паветры горада перавышала дапушчальныя нормы ў два-тры разы.

Але расійскія ўлады перакананыя, што летні сезон адбудзецца, для дзяцей у Туапсэ па-ранейшаму набываюць пуцёўкі. 

Туапсінскі НПЗ з'яўляецца часткай адзінага комплексу з буйным марскім тэрміналам. Праз яго ідуць маштабныя пастаўкі нафтапрадуктаў на экспарт, што робіць яго ключавым вузлом для эканомікі Расіі. Асноўную частку даходаў расійскі бюджэт атрымлівае ад экспарту нафты, нафтапрадуктаў і газу.

Расійскія ваенкары звязваюць усё большую эфектыўнасць украінскіх удараў з вычарпаннем запасаў зенітных ракет для комплексаў «Панцыр».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула