БЕЛ Ł РУС

«Пакуль заявак нуль». У віленскай школе Stembridge расказалі, як ідзе набор у садкоўскую групу з беларускай мовай навучання

28.04.2026 / 12:20

Nashaniva.com

Менш як месяц таму прыватная школа Stembridge абвясціла набор у беларускамоўную групу ў Вільні для дзяцей ад 2 да 6 гадоў. Там будуць вывучаць яшчэ і літоўскую ды англійскую мовы. Нягледзячы на тое, што ў Вільні жывуць больш за 18 тысяч беларусаў, ахвотных аддаць дзяцей у групу ад Stembridge пакуль не знайшлося. «Белсат» пацікавіўся, у чым праблема і колькі каштуе навучанне.

Патрэбна мінімум 15 дзяцей 

Пра стварэнне групы з беларускай мовай навучання ў дзіцячым садку заснавальнікі Stembridge думалі яшчэ ў 2022 годзе. Тады ў школе праводзілі апытанне сярод бацькоў, наколькі яна патрэбная, але на той момант попыту не было. 

«Мы прыватная ўстанова і мусім арыентавацца на попыт. Калі яго няма, адкрыць групу немагчыма», — тлумачыць Антон Мазейка, кіраўнік дэпартаменту камунікацыяў Stembridge. 

Паводле Антона, цяпер сітуацыя змянілася, многія беларусы падтрымалі ідэю. Але парадокс у тым, што на 24 красавіка ніхто з іх так і не падаў ніводнай заяўкі. Іх збіраюць да канца чэрвеня. 

«Можа, яшчэ мала часу прайшло, менш за месяц, як мы публічна абвясцілі пра набор. Таму мы чакаем, працуем, робім усё, што ад нас залежыць, каб як мага больш людзей даведалася пра групу», — кажа Антон. 

Для запуску групы патрэбныя мінімум 15 дзяцей. Менавіта такую колькасць у Stembridge называюць фінансава ўстойлівым сцэнаром, пры якім можна гарантавана пачаць працу з верасня. 

«Гэта самы бяспечны варыянт для старту. Але калі будзе крыху менш заявак — 12 ці 13, мы ўсё роўна будзем думаць, як знайсці магчымасць адкрыць групу», — адзначае Антон Мазейка. 

«Магчыма, недастаткова падкрэслілі ролю літоўскай мовы» 

У гэтым годзе Сейм Літвы прыняў закон, паводле якога дзеці мігрантаў, што ўпершыню ідуць у пачатковую муніцыпальную школу, могуць вучыцца толькі ў школах з літоўскай мовай. Гэта значыць, што пасля садка ўжо нельга выбраць муніцыпальную школу з расейскай мовай навучання — толькі літоўскую. 

Дырэктарка дзіцячага садка Stembridge Вольга Мацкевіч адзначае, што іхная група задумваецца не як выключна беларускамоўная прастора, будзе вывучацца і літоўская мова. Галоўная ідэя — сумясціць захаванне беларускай мовы з натуральнай інтэграцыяй у літоўскае асяроддзе. 

«Дбаючы пра будучыню дзяцей, мы разумеем, што беларуска-літоўская інтэграцыя — гэта тое, што цяпер патрэбна, каб дзеці не адчувалі сваёй адарванасці ад літоўскай супольнасці», — кажа Вольга. 

Антон мяркуе, што, магчыма, адна з прычынаў, чаму цяпер няма попыту на іхнюю прапанову, — недастаткова падкрэслілі ролю літоўскай мовы. 

«Магчыма, трэба было рабіць большы акцэнт менавіта на яе вывучэнні, але пры гэтым захоўваць беларускую ідэнтычнасць. 

Маёй дачцэ амаль тры гады, яна ўжо ходзіць у літоўскі садок і пачынае гаварыць па-літоўску. Пры гэтым яна натуральна змешвае беларускую і літоўскую ў адным сказе. І шмат іншых бацькоў распавядаюць пра тое самае. Мы ўспрымаем гэта як плюс — як прыкмету жывога шматмоўнага асяроддзя», — кажа Антон. 

Поўны дзень — 550 еўра на месяц 

Сёлета садок Stembridge пераехаў у новае памяшканне на адрасе Žalgirio g. 135 у Вільні. Побач працуе літоўскі дзіцячы садок Gervuogė, і дзеці маюць супольныя прасторы для гульняў. У школе лічаць, што гэта важная перавага: мова будзе ўспрымацца не як асобны прадмет, а як натуральны сродак зносінаў.

«Спачатку мы ладзілі святы на беларускай мове (Каляды, Масленка, Гуканне вясны ды іншыя), але потым шмат стала дзяцей з розных краінаў, таму цяпер робім святы з інтэграцыяй з літоўскімі святамі, праводзячы паралелі для кожнай краіны, адкуль нашыя дзеткі. Шмат размаўляем пра традыцыі і святкаванні Літвы», — расказвае яна. 

Кошт наведвання залежыць ад фармату. Да 12:30 — 360 еўра на месяц, да 16:00 — 480 еўра, поўны дзень (да 18:30) — 550 еўра. 

Для сем’яў у Вільні дзейнічае кампенсацыя ад муніцыпалітэта на 120 еўра, калі дзіця наведвае прыватны садок замест дзяржаўнага. Такім чынам, поўны дзень можа каштаваць каля 430 еўра пасля кампенсацыі. 

Арганізатары прызнаюць, што для многіх беларускіх сем’яў у эміграцыі гэта значная сума. Але падкрэсліваюць: кошт звязаны з арэндай памяшкання, заробкамі педагогаў і штодзённай працай садка. Дарэчы, дзвюх выхавальніц, якія размаўляюць па-беларуску, Stembridge ужо знайшоў. 

Калі да канца чэрвеня неабходнай колькасці заявак не набярэцца, групу могуць не адкрыць. Але ў Stembridge кажуць, што ад самой ідэі не адмовяцца. 

«Будзем думаць, што можна змяніць, і прапануем нейкі іншы фармат. Для нас гэта не разавая спроба, а доўгатэрміновая перспектыва», — кажа Антон Мазейка. 

Падаць заяўку ў групу з беларускай мовай навучання можна тут.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула