«Давай, Братан! Убачымся на небе. А дзе яшчэ? У пекле мы былі». Памёр былы палітвязень Раман Раманаў
Яму было 43 гады.
«Не стала Ромы Раманава. Годны чалавек, які любіў Беларусь. За свае перакананні ён заплаціў дорага. Разам з ім мы праходзілі праз «Воўчыя Норы». Рома выйшаў у мінулым жніўні. Ён заўжды прапускаў усё праз сэрца, і вось яно не вытрымала. Яго мама засталася адна. Ні дзяцей, ні ўнукаў. Ён так за яе хваляваўся. Не хацеў, каб ехала на спатканне, бо да схаванай у лесе зоны вельмі цяжка дабірацца. І вось толькі паспела сустрэць сына, як сёння зноў з ім развітваецца — цяпер ужо назаўсёды. Абдымаю цябе, Рома! Ганаруся, што быў з табой побач», — так адгукнуўся на смерць Рамана Раманава іншы былы палітзняволены, Дзмітрый Семчанка. Ён таксама напісаў кароткі верш:
Давай, Братан! Убачымся на небе.
А дзе яшчэ? У пекле мы былі.
Ну а пакуль у гэтай шэрай глебе
Слязьмі пальём мы тваіх мараў карані.
Рамана Раманава затрымалі 27 снежня 2023 года.
Яму выставілі абвінавачванні паводле арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і праз год, 28 снежня 2024 года, асудзілі на два гады калоніі.
Утрымліваўся ў калоніі № 22 («Воўчыя норы» ў Івацэвіцкім раёне).
Выйшаў на волю ў жніўні 2025 года.