Часовая павераная ЗША ва Украіне пакіне пасаду праз нязгоду з украінскай палітыкай Трампа
Часовая павераная ЗША ва Украіне Джулі Дэвіс збіраецца пакінуць сваю пасаду ў найбліжэйшыя тыдні. Паводле інфармацыі выдання Financial Times, пасля гэтага яна плануе завяршыць дыпламатычную кар’еру, якой прысвяціла амаль 30 гадоў службы.
Джулі Дэвіс
Паведамляецца, што прычынай такога рашэння сталі рознагалоссі дыпламаткі з Дональдам Трампам, а таксама яе незадаволенасць зніжэннем падтрымкі Украіны з боку амерыканскай адміністрацыі.
«Джулі Дэвіс, выканаўца абавязкаў пасла ЗША ў Кіеве, пакідае Дзяржаўны дэпартамент, расчараваная змяншэннем падтрымкі Украіны з боку Трампа», — гаворыцца ў допісе ў сацсетцы Х карэспандэнта Financial Times Крыстафера Мілера.
Джулі Дэвіс займае пасаду часовай паверанай у справах ЗША ў Кіеве з мая 2025 года. Крыніцы выдання сцвярджаюць, што яна ўжо паведаміла Дзярждэпартаменту пра намер сысці.
Таксама адзначаецца, што Дэвіс была расчараваная сваёй роляй і некаторымі рашэннямі кіраўніцтва, у тым ліку кадравымі прызначэннямі, пра якія даведвалася з паведамленняў у прэсе.
Звальненне Джулі Дэвіс працягвае шэраг адставак амерыканскіх дыпламатаў, звязаных з украінскім кірункам. Раней пасаду пакінула папярэдняя амбасадарка Брыджыт Брынк, і тады таксама паведамлялася пра такія ж прычыны яе рашэння.
Чытайце таксама:
Трамп заявіў, што Іран у калапсе і просіць яго адкрыць Армузскі праліў
Трамп: Мы засяроджаныя на Іране
Украіна прапаноўвала перайменаваць частку Данбаса ў «Донілэнд» у гонар Трампа
Трамп: Нянавісць паміж Пуціным і Зяленскім — гэта смешна
Украіна папрасіла Турцыю арганізаваць саміт паміж Зяленскім і Пуціным