БЕЛ Ł РУС

Сёння ў Варшаве адкрыецца яшчэ адна беларуская кнігарня

29.04.2026 / 08:23

Nashaniva.com

Але першы пакупнік адведаў кнігарню яшчэ ўчора.

Аляксандр Фядута. Фота з фэйсбука Яраслава Іванюка

У Цэнтры беларускай салідарнасці ў Варшаве сёння адкрыецца кніжная крама фонду «Камунікат». Афіцыйнае адкрыццё крамы адбудзецца сёння а 17:00 па адрасе Oleandrów 6/2.

Сярод кніг, якія неўзабаве можна будзе набыць у ЦБС — «Імёны Свабоды» Уладзіміра Арлова, «Зэкамерон» Максіма Знака, «Ліквідацыя» Васіля Быкава ды інш.

У цырымоніі адкрыцця возьмуць удзел Яраслаў Іванюк, пісьменнік Уладзімір Арлоў, а таксама прадстаўнікі іншых беларускіх выдавецтваў.

«Першы пакупнік наведаў кнігарню Kamunikat.shop у Цэнтры беларускай салідарнасці ўжо ўчора! Вялікі Вам дзякуй, шаноўны Аляксандр Фядута!!! Усіх запрашаем сёння на 17:00 на Адкрыццё прасторы Kamunikat shop у Цэнтры Беларускай Салідарнасці ў Варшаве», — напісаў Яраслаў Іванюк у сваім фэйсбуку.

Аляксандр Фядута трымае ў руках том, прысвечаны Кастусю Езавітаву (1898—1946).

Езавітаў быў адным з падпісантаў абвяшчэння незалежнасці БНР 25 сакавіка 1918 года, камендантам Менска, завадатарам беларускага жыцця ў Латвіі ў 1920-1930-я, стваральнікам беларускіх школ у Латгаліі, узначальваў Галоўнае ўпраўленне вайсковых школ пры Беларускай Цэнтральнай Радзе. Як ён пісаў у сваіх лістах, працаваў па 18‑19 гадзін у суткі, а пісаў лісты калегам ці ў цягніках, ці трасучыся на падводах.

Пасля аперацыі па выдаленні грыжы ў красавіку 1945 года ў ваколіцах Берліна Езавітаў быў выкрадзены савецкім агентам і перададзены НКВД. Спачатку яго вывезлі ў Маскву, а потым па просьбе Цанавы перавялі ў мінскую «амерыканку».

Том, выдадзены «Камунікатам», змяшчае падрабязную біяграфію Езавітава, яго ліставанне, артыкулы, дзённік 1944‑1945 гадоў, уласнаручныя падрабязныя паказанні, дадзеныя ў «амерыканцы».

Фонд «Камунікат» быў заснаваны 26 гадоў таму. Спачатку гэта была інтэрнэт-бібліятэка. Яраслаў Іванюк сканаваў беларускія кнігі, газеты і часопісы і выкладаў гэта ў інтэрнэт.

Пасля падзей 2020 года Яраслаў стаў выдаваць беларускія кнігі, за пяць гадоў былі выдадзеныя некалькі дзясяткаў кніг, а таксама ездзіць па асяродках новай беларускай эміграцыі з прэзентацыямі. Так на мінулым тыдні ён і паэтка Наста Кудасава адправіліся ў літаратурны тур у Беласток, Вільню, Рыгу і Талін.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула