БЕЛ Ł РУС

У Гродзенскім заапарку з'явіўся новы жылец — Лёня Агуці

29.04.2026 / 08:43

Nashaniva.com

З Мінскага заапарка ў Гродзенскі прыехаў агуці. Гэта самец, яму 1 год. Ён будзе жыць у змяшанай экспазіцыйнай групе ў адным вальеры з кашэчымі лемурамі, паведаміў заапарк у сваім тэлеграм-канале.

У адрозненне ад чарапах, новага суседа Глобус, Санта і Аўгусціна сустрэлі даволі эмацыйна. Супрацоўнікі здзіўляліся: мы нават не ведалі, што лемуры ўмеюць выдаваць такія гукі!

Спачатку агуці крыху разгубіўся. Гэта і зразумела: новая абстаноўка, ды яшчэ гэтыя хвастатыя абураюцца. Але за ноч навасёл асвоіўся і цяпер адчувае сябе добра.

Новаму гадаванцу далі імя Лёня, і цяпер у Гродзенскім заапарку ёсць свой Леанід Агуцін, жартуюць у заапарку.

Агуці — род млекакормячых атрада грызуноў. Гэта найбліжэйшыя сваякі марскіх свінак, якія жывуць у трапічных лясах Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі. Агуці могуць дасягаць 50 см у даўжыню і важыць да 4 кг.

Гэтыя жывёлы вядуць начны лад жыцця, харчуюцца садавінай і іншай расліннай ежай.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула