Славуты акцёр Жан Рэно выпусціў шпіёнскі раман, прысвечаны вывазу ўкраінскіх дзяцей у Расію
У французскім выдавецтве XO Éditions на пачатку красавіка выйшла кніга акцёра L’Évasion («Уцёкі»).
Фота: Amanda Edwards/Getty Images
Галоўнай тэмай рамана стала выкраданне і дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей Расіяй падчас вайны, піша «Суспільна».
На сайце выдавецтва адзначаецца, што раман спалучае элементы шпіёнскага трылера з дакументальнай асновай, а таксама натхнёны падзеямі вайны Расіі супраць Украіны і закліканы прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да праблемы незаконнай дэпартацыі дзяцей.
У цэнтры сюжэту — былая масажыстка Эма, якую вербуе французская знешняя разведка DGSE. Пад прыкрыццём яна адпраўляецца ў Сібір, каб пранікнуць у так званы «рэабілітацыйны лагер» для ўкраінскіх падлеткаў і задакументаваць злачынствы, у тым ліку прымусовае ўтрыманне і ідэалагічную апрацоўку дзяцей.
Паводле слоў Рэно ў інтэрв’ю выданню Télé 7 Jours, штуршком да напісання кнігі сталі рэальныя гісторыі выкрадзеных украінскіх дзяцей. Ён адзначыў, што быў «надзвычай шакаваны» маштабамі злачынства.
«Я лічыў вар’яцтвам, што гэтых дзяцей выкрадаюць для прамывання мазгоў. Я не раблю палітычнай заявы; я хацеў ператварыць гэта ў раман», — кажа акцёр.