На Палессі танна прадаюць сядзібу ХІХ стагоддзя з чырвонай цэглы. Можна перарабіць у жылы дом
У Столінскім раёне выставілі на таргі сядзібу Олеш-Беражноўскіх. Двухпавярховы асабняк у пасёлку Нова-Беражное аддаюць за 12 892 рублі (менш за $5000).
Сам будынак не мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, што значна спрашчае жыццё будучаму ўладальніку — можна нават зрабіць з сядзібы жылы дом, піша Onliner.by.
Землі ў Нова-Беражным належалі шляхецкаму роду Олеш больш за чатыры стагоддзі — яшчэ з 1508 года. Саму сядзібу ў яе цяперашнім выглядзе дабудаваў Канстанцін Алеша ў 1890 годзе. Гэта класічны прыклад неаготыкі: прамавугольны будынак з чатырохсхільным дахам, люкарнамі і вытанчанай гранёнай вежай з тыльнага боку.
Асабняк плошчай 426 «квадратаў» акружаны старым пейзажным паркам. Калісьці тут расло больш за 50 відаў экзатычных дрэў, а да дома вяла грабавая алея.
Пасля вайны будынак прыстасавалі пад жыллё для рабочых мясцовага спіртзавода, але апошнія дзесяцігоддзі ён пустуе і паступова гібее.
Нягледзячы на эфектны знешні выгляд з чырвонай цэглы, унутры сядзіба патрабуе капітальнага рамонту. Электрыка дэмантаваная, печы не працуюць, а камунікацыі трэба праводзіць нанова.
Разам з домам пакупнік атрымлівае ўчастак амаль у 38 сотак у арэнду на 50 гадоў. Галоўны плюс — адсутнасць жорсткіх рэстаўрацыйных рэгламентаў.
Уладальнік можа сам вырашаць, што ўладкаваць у былым маёнтку: гасцініцу, кавярню, гандлёвы аб’ект або паўнавартасны жылы дом. Адзінае патрабаванне — пры рэканструкцыі трэба захаваць арыгінальны архітэктурны выгляд фасадаў.
Аўкцыён прызначаны на 29 мая. Стартавая цана лота — 12 892 рублі.