Расіяне знялі копію «Вельмі дзіўных спраў». Частку сцэн здымалі ў Вілейцы і Светлагорску
1980-я, падлеткі на роварах у маленькім гарадку расследуюць таямнічыя падзеі ў мясцовым лесе. І не, гэта не культавыя «Вельмі дзіўныя справы» — гэта расійскі серыял «Радар», часткова зняты ў Беларусі.
Фота: кадр з трэйлера
Расійскі стрымінгавы сэрвіс Okko зняў «Радар» па аповесці «Галоўны поўдзень» ад савецкага пісьменніка Аляксандра Мірэра. Гэта гісторыя пра тое, як у савецкім гарадку 1960‑х два падлеткі сутыкаюцца з незвычайнымі паводзінамі дарослых, а потым даведваюцца, што прычына гэтага — уварванне іншапланетнікаў.
Для «Радара» дзеянне перанеслі ў канец 1980‑х, а колькасць падлеткаў павялічылі да трох. Гэтыя хлопцы — Лёша, Толя і Сёма — рассякаюць на веласіпедах па савецкім гарадку, ля якога ў лесе стаіць велізарны радар, прычым адзін з падлеткаў у першай жа серыі знікае ў лесе. Яшчэ там ёсць сэкс-сімвал школы Жэка, які вучыцца ў старэйшых класах, і яго кучаравая дзяўчына Віка, ёсць і Андрэй Цімафеевіч — дарослы, які працуе ў школе і спрабуе дапамагчы дзецям у пошуках праўды.
Фота: кадр з трэйлера
У вольны час ад іншапланецян тыя дзеці слухаюць забароненую музыку і мараць пра «Артэк». Адзін з хлопцаў піша фантастычны раман, кучаравая сяброўка яго брата-старшакласніка хоча на Эльбрус. Усе яны ў вольны ад пошукаў праўды час пражываюць розную дробязь, з якіх і складаецца сталенне: будуюць першыя адносіны, церпяць ад булінгу ў школе, спрабуюць даць рады настаўнікам і бацькам. І, вядома, халодная вайна дадае сваіх рысаў свету серыяла.
Нічога не нагадвае?
«Радар» выглядае вельмі падобным да «Вельмі дзіўных спраў» (Stranger Things) — культавага серыяла ад Netflix. Розніца ў драбніцы. У гарадку Хокінс, дзе адбываюцца дзеянні «Вельмі дзіўных спраў», галоўных герояў чацвёра, а не трое, дарослыя героі крыху іншыя, а ў цэнтры гісторыі не іншапланетнікі, а загадкавая лабараторыя і яе «выпускніца» Адзінаццаць. Але ж падобнага так шмат, што няма сумневаў: стваральнікі «Радара» натхняліся праектам ад Netflix.
Сёма з «Радара» і Дасцін з «Вельмі дзіўных спраў». Фота: кадры з трэйлераў
У гэтую гісторыю яны ўплялі некалькіх герояў, якіх не магло быць у «Вельмі дзіўных справах». Напрыклад, гэта Вольга Святлаславаўна (Вікторыя Ісакава), кіраўніца гарвыканкама і мама адной з гераінь, жорсткая і цвёрдая жанчына. Або бацька Толі, якога грае беларус Анатоль Кот, савецкі палкоўнік і карысная здабыча для іншапланецян.
Здымалі серыял часткова ў Беларусі. Выкарысталі павільёны «Беларусьфільма», а таксама здымалі ў Светлагорску, Вілейцы і мястэчку Мышкавічы, што ў Магілёўскай вобласці. І ў Вілейцы, і ў Мышкавічах кіношнікаў збольшага вабілі прыватныя дамы і тыповая савецкая забудова, у Вілейцы заадно набралі ў масоўку багата беларусаў.
Віка з «Радара» і Нэнсі з «Вельмі дзіўных спраў». Фота: кадры з серыялаў
Серыял атрымаўся дынамічны, але ёсць у ім рыса, у якой ён безнадзейна прайграе «Вельмі дзіўным справам». Амерыканскі праект стаў культавым шмат у чым праз пачуцці. У яго цэнтры — дзіцячае сяброўства, якое хлопцы і дзяўчаты з Хокінса праносяць праз усё сталенне, першае каханне, безумоўная любоў бацькоў да сваіх дзяцей і агромністая смеласць, з якой простыя амерыканцы абараняюць сваё мястэчка ад монстраў з іншага свету.
Анатоль Кот у «Радары». Фота: radar_okko / Instagram
За тры серыі «Радара», якія ўжо даступныя, яго героі не паказалі пачуццяў. Магчыма, у гэтым віна сцэнарыя, бо першыя дзве серыі аддадзеныя пад павольны пралог да гісторыі, і «Радару» проста трэба даць час.
Чытайце таксама:
Біяграфічны фільм пра Майкла Джэксана б'е рэкорды глядацкіх сімпатый
У Расіі зноў адрадзілі серыял «Універ» — з былой дэпутаткай Дзярждумы і прыхільнікамі вайны
«Масоўка — гэта мяса». Беларус распавёў пра працу ў масоўцы ў кіно