БЕЛ Ł РУС

У Нідэрландах сорт цюльпанаў назвалі «Мінск»: высокія, самавітыя

2.05.2026 / 17:31

Nashaniva.com

Сцябло расліны дасягае паўметра, а сама кветка — 7 сантыметраў. А што з афарбоўкай?

Цюльпаны сорту «Мінск». Фота: yaskrava.com.ua

Гісторыя цюльпана, які носіць імя беларускай сталіцы, пачалася ў галандскім горадзе Крэйл. Менавіта там спецыялісты фірмы Sylvestris B.V. вывелі новы гатунак, які пазней увайшоў у элітную групу «Трыумф».

Афіцыйны адлік свайго існавання ў міжнародных рэестрах кветка вядзе з 28 верасня 2010 года — менавіта тады за гатункам была афіцыйна замацавана назва Minsk. Пазней, у 2017 годзе, пасля паспяховых выпрабаванняў і размнажэння, гатунак атрымаў поўную юрыдычную абарону ў Нідэрландскім рэестры сартоў пад нумарам 40920, а яго праваўладальнікам стала кампанія J.A. Borst Bloembollen B.V. з горада Обдам.

Адпаведна афіцыйнаму батанічнаму апісанню, «Мінск» — гэта двухколерны цюльпан. Асноўны колер пялёсткаў — насычаны чырвоны (адценні 45B і 46B па міжнароднай шкале), які бліжэй да краёў плаўна пераходзіць у аранжава-чырвоны, а завяршаецца выразнай сонечна-жоўтай аблямоўкай. Такая двухколернасць робіць бутон заўважным здалёк.

Моцнае зялёнае сцябло цюльпана дасягае 50 сантыметраў у вышыню, а сама кветка можа дасягаць 7 сантыметраў. Гарманічны выгляд расліны завяршае вузкае яйкападобнае лісце, канчыкі якога маюць лёгкае фіялетавае адценне — такое ж, як і ў верхняй частцы сцябла.

Цюльпан сорту «Мінск». Здамак з сайта Каралеўскай агульнай асацыяцыі вытворцаў цыбульных раслін (iergewassen.kavb.nl)

Акрамя прыгажосці, сорт «Мінск» мае і важнае практычнае значэнне: ён лічыцца вельмі «жывучым». Вытворцы падкрэсліваюць, што ў зрэзаным выглядзе гэты цюльпан захоўвае свежасць і форму нашмат даўжэй за іншыя сарты, нават калі букет стаіць у светлым пакоі пад сонечнымі прамянямі.

Цыбуліны гэтага гатунку можна набыць і ў Беларусі. Паводле аднаго з сайтаў, пры замове ад 300 штук кошт адной складае 1 рубель 39 капеек.

Чытайце таксама:

Як захаваць букет цюльпанаў да 10 дзён. Карысныя парады

Новым сімвалам беларускага турызму зрабілі кветку бульбы

Эвалюцыя гэтых звыклых кветак стварае пагрозу экасістэме

Каментары да артыкула