Коля так сутыкнуўся з партнёрам па камандзе, што больш не змог выйсці на лёд
Забіраць трафей чэмпіёна Мінска сярод аматараў Коля Лукашэнка выйшаў з заклееным падбародкам і з драпінамі на лбе і носе.
Тут і далей скрыншоты відэа
Учора адбыўся фінал чэмпіянату Мінска па хакеі сярод аматарскіх каманд. За перамогу змагаліся каманды «Аматар» і «Бастыён». У апошняй пад нумарам 31 гуляе Коля Лукашэнка — ён капітан.
Коля падчас першага перыяду
У пачатку другога перыяду Коля жорстка сутыкнуўся з хакеістам сваёй жа каманды — Мікітам Драздовым, які гуляе пад нумарам 79.
І калі Мікіта не пацярпеў, то Колю прыляцела даволі жорстка. У хуткім часе пасля гэтага прагучаў свісток арбітра. Апынуўшыся за бортам, Лукашэнка адразу зняў шлем. На іншых кадрах можна пабачыць, як ён размаўляе з нейкай жанчынай і паказвае на сваю галаву — а пасля сыходзіць разам з суразмоўцай.
Пасля гэтага інцыдэнту Коля больш не выйшаў гуляць. Не абдымаўся ён з камандай, калі стала зразумела, што «Бастыён» перамог з лікам 8:2. Лукашэнка малодшы таксама прапусціў цырымонію ўзнагароджання найлепшых гульцоў.
Выйшаў на лёд Коля толькі тады, калі надышоў час атрымліваць медалі за першае месца — у звычайным адзенні. На яго падбародку з'явіўся пластыр. Таксама бачныя драпіны на лбе і носе.
Было бачна, што хлопцу неяк няёмка ісці за ўзнагародай не ў хакейнай экіпіроўцы. Але Дзмітрый Баскаў сказаў яму нешта матывуючае, і той усё ж пайшоў. Кубак пераможцаў таксама забраў Коля.
Чытайце таксама:
Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі ВІДЭА
Што за хакеіст збіў Лукашэнку проста падчас гульні
Лукашэнка заявіў, што расцягнуў мышцы спіны пасля падзення на хакеі