Цэнтральнае камандаванне ЗША просіць дазвол на выкарыстанне гіпергукавых ракет у вайне з Іранам
Рашэнне пакуль не прынята.
Пентагон. Фота: Hisham Ibrahim / Getty Images
Цэнтральнае камандаванне арміі ЗША накіравала ў Пентагон запыт на размяшчэнне гіпергукавых ракет Dark Eagle на Блізкім Усходзе, паведамляе Bloomberg са спасылкай на крыніцы.
Неабходнасць выкарыстання сістэм, якія яшчэ не прынятыя на ўзбраенне, у запыце тлумачыцца тым, што Іран перамясціў пускавыя ўстаноўкі балістычных ракет углыб сваёй тэрыторыі, зрабіўшы іх недасяжнымі для амерыканскіх ракет, піша Bloomberg.
У выпадку адабрэння запыту гэта стане першым досведам разгортвання гіпергукавых ракет ЗША, аднак рашэнне пакуль не прынята, адзначае агенцтва.
Паводле інфармацыі Bloomberg, далёкасць Dark Eagle складае каля 3,5 тысячы кіламетраў, і пакуль выраблена не больш за восем такіх ракет. Кошт кожнай — каля 15 мільёнаў даляраў.
Зараз у канфлікце паміж Іранам і ЗША дзейнічае перамір’е, абвешчанае прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. Ён неаднаразова заяўляў, што канец вайны блізкі, але перамовы з Тэгеранам зайшлі ў тупік. Як лічыць Bloomberg, запыт CENTCOM можа сведчыць пра гатоўнасць вайскоўцаў працягваць вайну, калі Трамп прыме такое рашэнне.