БЕЛ Ł РУС

«Я заліп, заліпайце і вы». Гурневіч пра новы гістарычны праект «Карона Вітаўта»

30.04.2026 / 13:39

Nashaniva.com

Журналіст «Свабоды» Дзмітрый Гурневіч падзяліўся сваім захапленнем ад працы беларускіх гісторыкаў і папулярызатараў, якія, нягледзячы на «эру тык-токаў і ютуба», запусцілі гістарычны анлайн-часопіс «Карона Вітаўта». «Для Цябе, Беларусь», — такі там пасыл ад аўтараў.

Вось ёсць жа ў кагосьці імпэт. Група беларускіх гісторыкаў і папулярызатараў нашай мінуўшчыны запусціла гістарычны анлайн-часопіс «Карона Вітаўта». У эру тык-токаў і ютуба, нам прапануюць ізноў чытаць. І гэта цікава. Тым больш, што там сенсацыя на сенсацыі. Я пра такое і не чуў. Сайт працуе на беларускай і расейскай. Там ужо каля 20 артыкулаў, штотыдзень будзе з’яўляцца некалькі новых. Там файныя тэмы і сюжэты, многія пра якія для мяне абсалютна з новымі цікавымі паваротамі.

Касцюшка аддаў грошы на свабоду амерыканскіх рабоў. Але сваякі з Беларусі былі супраць і забралі ўсё да апошняга цэнта, яшчэ і працэнты. У справе была задзейнічана нават Расейская амбасада ў Вашынгтоне.

Напрыклад, «Цень Вітаўта. Гэта яна «падчышчала» за вялікім князем», прысвечаны дыпламатцы, візіянерцы, харызматычнай асобе — Ганне Кейстутовіч, жонцы князя Вітаўта. Сучаснікі Ганны сцвярджалі, што яна была адной з найпрыгажэйшых жанчын ва Усходняй Еўропе. І надта дзелавой і эфектыўнай.

Як пачыналі беларускія анархісты. Былі часы, калі Беларусь вяла рэй у анархісцкім руху Усходняй Еўропы. Гродна і Беласток, які тады адміністратыўна ўваходзіў у Гродзенскую губерню — гэтыя два гарады былі наймацнейшымі цэнтрамі анархізму ў Расейскай імперыі.

Кіраваць вечна. Сакрэты дыеты Ягайлы, Жыгімонта, Казіміра. 

Ці ведаеце, што каралям Кароны і вялікім князям ВКЛ катэгарычна было забаронена спажываць дыні? А рыбны рэцэпт ад нясвіжскіх Радзівілаў стаў папулярнай стравай імперскай кухні Аўстра-Венгрыі?

Чым беларусы здзіўлялі свет у ХІХ-ым стагоддзі. Пра гісторыю ўдзелу беларусаў у сусветных выставачных форумах. Ці шмат хто ведае, пра тое, што ў Лондане срэбраным медалём была ўзнагароджана аўсянка, якая выраблялася ў Ляўках Горацкага павета? Беларускую тытунёвую прадукцыю, напрыклад, адзначылі срэбраным медалём на міжнародных выставах у Амстэрдаме (1883 год), Новым Арлеане (1885 год), сусветнай выставе 1889 года ў Парыжы і залатым медалём на міжнароднай выставе ў Турыне 1911 года.

Раздзел «Постаці». І там ізноў неспадзяванка. Францішак Папроцкі — першы галоўны рэдактар першай рэгулярнай газеты ў Вялікім Княстве Літоўскім. Народжаны ў Беларусі 10 чэрвеня 1723 года, праўдападобна, на Меншчыне.

Шыкоўна, што ва ўсёй гэтай цемры людзям хочацца рабіць. «Для Цябе, Беларусь», — такі там пасыл ад аўтараў. Дзякуй, добрыя людзі! Я заліп, заліпайце і вы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула