У Мінску ліквідуюць Нацыянальны цэнтр сучаснага мастацтва
У Мінску плануюць ліквідаваць Нацыянальны цэнтр сучаснага мастацтва — дзяржаўную культурную ўстанову, якая працавала больш за дзесяць гадоў і была адной з ключавых пляцовак сучаснага мастацтва ў краіне, піша Reform.news.
Фота: сацсеткі НЦСМ
Спачатку ў інстаграме інстытуцыі з’явілася паведамленне пра «апошнюю» акцыю Ноч музеяў, якую ладзіць установа. Дзве крыніцы з культурніцкіх колаў пацвердзілі Reform.news, што цэнтр працягне працу толькі да восені. Пасля гэтага каля 50 супрацоўнікаў могуць страціць працу.
Частку маёмасці ўстановы пераразмяркуюць: фонды НЦСМ і пляцоўка на вуліцы Якуба Коласа будуць перададзены Нацыянальнаму мастацкаму музею, а памяшканні на вуліцы Някрасава — Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
У неафіцыйных каментарыях адзначаецца, што закрыццё можа быць звязана з пераразмеркаваннем культурных плошчаў і ўплывам новага кіраўніка Саюза мастакоў Андрэя Васілеўскага, а таксама зацікаўленасцю асобных структур у будынках і рэсурсах цэнтра.
Сам Нацыянальны цэнтр сучаснага мастацтва быў створаны ў 2015 годзе шляхам аб’яднання дзвюх папярэдніх інстытуцый: Творчых Майстэрняў «Цэнтр Сучасных Мастацтваў» і дзяржаўнай установы «Музей сучаснага выяўленчага мастацтва». За час існавання ён стаў важнай платформай для сучаснага мастацтва ў Беларусі.
Цэнтр займаўся падтрымкай эксперыментальных праектаў у выяўленчым, тэатральным і музычным мастацтве, працаваў з маладымі мастакамі і куратарамі, а таксама ўдзельнічаў у міжнародных праектах, у тым ліку ў арганізацыі нацыянальных павільёнаў Беларусі на Венецыянскім біенале і іншых буйных арт-падзеях.
Чытайце таксама:
У Віцебску праходзіць выстава гравюр і літаграфій па матывах творчасці Рафаэля
На будынку новага Нацыянальнага гістарычнага музея з'явіліся гарэльефы. Што на іх?