У «Мінск-Свеце» вароны звілі гняздо проста на вежавым кране і цяпер патрабуюць ад кранаўшчыка «хабар»
Нядаўна ў кранаўшчыка Эдуарда, які працуе на будоўлі ў «Мінск-Свеце», з’явіліся нечаканыя суседзі па вежавым кране. Пара варон аблюбавала ўчастак вежы і пачала будаваць там гняздо. Цяпер Эдуард назірае за развіццём падзей і кожны раз бярэ з сабой на працу «хабар» для птушак, піша «Смартпрэс».
Тое самае гняздо. Фота Эдуарда
«Спачатку спрабаваў скідаць гняздо»
Гэта гісторыя пачалася крыху менш за два тыдні таму, калі птушкі зрабілі першую спробу пабудаваць гняздо на кране.
«Спачатку яны аблюбавалі карэтку, але яна ж не статычная: ездзіць туды-сюды, — успамінае кранаўшчык. — І яны перамясціліся на вежу ды выбралі ў якасці будпляцоўкі ўчастак на вышыні прыкладна 20 метраў ад зямлі. Я спачатку скідаў усе гэтыя галінкі і іншыя матэрыялы, якія прыцягвалі птушкі, некалькі разоў прыбіраў недабудаванае гняздо, але яны пачыналі яго рабіць наноў.
У выніку Эдуард змірыўся і нават дапамог новым суседзям у будаўніцтве — паклаў у гняздо кольца з дроту.
Ад канфлікту да добрасуседства
Праўда, удзячнасці ад птушак не дачакаўся. Наадварот, калі гняздо было гатовае і ў ім пачалі з’яўляцца яйкі, парачка стала агрэсіўнай: атакавала будаўніка, якому, каб трапіць на сваё працоўнае месца на вышыні 70 метраў і вярнуцца на зямлю, даводзіцца падымацца і спускацца праз вароніна жыллё.
«Я ўжо сутыкаўся з падобнай сітуацыяй, калі працаваў на будоўлі ў Санкт-Пецярбургу, таму ведаў, як іх залагодзіць, — кажа Эдуард. — Стаў браць з сабой на працу пачастунак для птушак: купляю пячонку, прыношу сухі корм, якім кармлю сваіх хатніх гадаванцаў. Пакідаю ўсё гэта каля гнязда і рухаюся далей».
Шэрыя вароны люта абараняюць свае гнёзды ад нядобразычліўцаў. Фота Іны Шкурко
Атрымліваючы рэгулярныя дары ад чалавека, вароны скемілі, што ён не збіраецца шкодзіць ім і іх патомству. Цяпер яны не нападаюць на кранаўшчыка. Проста адлятаюць ад гнязда, калі ён з’яўляецца, а затым вяртаюцца і ласуюцца «хабарам».
«Калі затрымліваюся на працы, пачынаюць шумець, намякаюць, што мне ўжо пара, — дзеліцца нюансамі суседства будаўнік. — Зараз у гняздзе ўжо пяць яек, кожны дзень з’яўляецца па адным новым. Буду назіраць, чым скончыцца гэтая сямейная гісторыя».
Арнітолаг: «Такі выбар месца нетыповы»
Як расказаў smartpress.by арнітолаг Аляксандр Вінчэўскі, для беларускіх варон такі выбар месца для гнязда нетыповы.
«Гісторыя нетрывіяльная, я пра такія ў нас не чуў, — падкрэслівае эксперт. — Чытаў пра падобныя выпадкі ў Маскве. Наогул не прыгадаю, каб нашы вароны будавалі гняздо на штучнай апоры, яны прымяняюць у будаўніцтве незвычайныя матэрыялы, напрыклад, дрот, але апора — гэта заўсёды дрэвы. Штучныя збудаванні часцей выкарыстоўваюць крумкачы: будуюць гнёзды на лініях электраперадач, грамаадводах… Хоць гэта і больш «дзікія» птушкі, чым вароны».
Будаваць гнёзды на штучных збудаваннях больш уласціва крумкачам (ён на фота). Фота Іны Шкурко
Што ж тычыцца адлегласці ад зямлі, паводле слоў суразмоўцы, то гняздо варон і ў прыродзе можа быць на вышыні 20 метраў, калі дрэва дазваляе, але звычайна жыллі знаходзяцца ніжэй, недзе ад 5 метраў.
Чаму птушкі выбралі такое дзіўнае месца для гнязда, сказаць складана. Арнітолаг кажа, што яны даследуюць тэрыторыю, перш чым прыступіць да будаўніцтва. І, вядома, улічваюць усе фактары, у тым ліку і тое, што міма іх будучага дома рэгулярна ходзіць чалавек.
«Машыніст працуе на вышыні 70 метраў, ён нечаста лазіць туды-сюды, напэўна, і на абед не заўсёды спускаецца, бо ссабойку можна ўзяць з сабой наверх, — мяркуе Аляксандр Вінчэўскі. — А два разы на дзень турбота для птушак не такая ўжо істотная, як бачым. Тым больш што яны прывыклі да канкрэтнага чалавека і бачаць, што ён не небяспечны».
Шэрая варона прымае водныя працэдуры. Фота Марыі Дубавец
Арнітолаг нагадаў: гнёзды з кладкамі і птушанятамі ў Беларусі забаронена прыбіраць на заканадаўчым узроўні. У працэсе будаўніцтва рабіць гэта можна, але, як бачым, у выпадку Эдуарда спробы адпудзіць птушак не мелі поспеху: птушкі аказаліся больш настойлівымі за чалавека.
Аляксандр Вінчэўскі дадае: калі ў сям'і ўсё складзецца шчасліва, то дзеці гэтых вынаходлівых бацькоў з большай верагоднасцю стануць выбіраць для сваіх гнёздаў вежавыя краны, чым дрэвы.
Чытайце таксама:
У Жодзіне развялося шмат варон, жыхары б'юць трывогу. Ці сапраўды варта непакоіцца?
Мінчанка выратавала лебедзя, якога дзяўблі вароны на Камсамольскім возеры
Галубы і вароны захапілі цэнтр Брэста
«У Беларусі нават птушкі спешваюцца». Тыкток скарыла ВІДЭА вельмі ветлівай вароны