Візіт Карла III у ЗША скончыўся. Трамп назваў яго найвялікшым каралём і адмяніў пошліны на шатландскі віскі
Маці Трампа, Мэры Маклаўд, была шатландкай.
Фота: Andrew Harnik/Getty Images
Чатырохдзённы дзяржаўны візіт караля Вялікабрытаніі Карла III і каралевы Камілы ў ЗША скончыўся. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп на развітанне назваў Карла «найвялікшым каралём» і абвясціў пра адмену пошлін на шатландскі віскі, піша Бі-бі-сі.
У чацвер днём па мясцовым часе кароль Карл з жонкай вылецелі з авіябазы Эндрус пад Вашынгтонам на Багамскія астравы — брытанскую заморскую тэрыторыю ў Атлантычным акіяне, прыкладна за 1300 км ад Вашынгтона.
У чацвер, у апошні дзень візіту, Дональд Трамп з жонкай урачыста праводзілі Карла і Камілу ля Белага дома, затым каралеўская пара ўсклала вянок да помніка Невядомаму салдату на Арлінгтонскіх могілках пад Вашынгтонам, пасля чаго паехала на вулічнае святкаванне ў мястэчка ў штаце Вірджынія.
Праводзіўшы каралеўскую пару, Дональд Трамп абвясціў у сваёй сацсетцы Truth Social, што ў гонар караля і каралевы адмяняе некаторыя пошліны на шатландскі віскі. Маці Трампа, Мэры Маклаўд, была шатландкай.
«Я адмяню тарыфы і абмежаванні на віскі, якія маюць дачыненне да магчымасці Шатландыі супрацоўнічаць з Супольнасцю Кентукі [афіцыйная назва штата Кентукі — Бі-бі-сі] па віскі і бурбону. Дзве вельмі важныя галіны ў Шатландыі і Кентукі, — абвяшчае пост Трампа ў Truth Social.
— Кароль і каралева, нават амаль і не просячы пра гэта, прымусілі мяне зрабіць нешта, што ніхто не мог прымусіць. Гэта велізарны гонар, што яны прыехалі ў ЗША».
У адказ на гэту навіну прадстаўнік Букінгемскага палаца заявіў, што кароль выказаў Трампу сваю «шчырую падзяку» і «падніме келіх» за прэзідэнта.
Першы міністр Шатландыі Джон Суіні назваў гэта «ашаламляльнай навіной для Шатландыі» і сказаў, што ўдзячны каралю за ключавую ролю, якую ён сыграў.
Суіні дадаў: «Штомесяц шатландская эканоміка губляла мільёны фунтаў».
Асноўным пакупніком выкарыстаных бочак з-пад бурбона з Кентукі з'яўляецца шатландская індустрыя, якая штогод імпартуе іх на суму каля 200 мільёнаў фунтаў для вытрымкі шатландскага віскі.
Раніцай у чацвер прайшла кароткая цырымонія развітання ў Белым доме і перад ім.
«Цырымонія паказала розніцу ў падыходах прэзідэнта і караля. Дональд Трамп з задавальненнем балбатаў перад камерамі. Кароль, падобна, праявіў менш энтузіязму», — адзначыў карэспандэнт Бі-бі-сі.
Калі каралеўская пара з'ехала, Трамп сказаў журналістам: «Выдатныя людзі! Нам у нашай краіне трэба пабольш такіх людзей».
Падчас пазіравання ўчатырох перад Белым домам Трамп паказаў на Карла і сказаў: «Выдатны кароль! Найвялікшы кароль, як па мне!»
Поспех з невыразнымі наступствамі
Як адзначаюць карэспандэнты Бі-бі-сі, для брытана-амерыканскіх адносін візіт караля прайшоў відавочна паспяхова, але на колькі хопіць гэтага поспеху, улічваючы характар Трампа, зусім незразумела.
Прэзідэнт ЗША па ходзе візіту, 29 красавіка, заявіў, у прыватнасці, што ў амерыканцаў няма бліжэйшых сяброў, чым брытанцы.
Кароль у прамове ў Кангрэсе ўсяляк падкрэсліваў важнасць супрацоўніцтва Лондана і Вашынгтона — у тым ліку ў ваеннай сферы і па пытанні дапамогі Украіне.
Каментатары з абодвух бакоў сажалкі [Атлантычнага акіяна] палічылі візіт караля і каралевы дыпламатычным поспехам — але пытанне аб тым, ці захаваецца гэты пазітыўны настрой пасля таго, як каралеўская пара з'едзе […], застаецца.
Развітаўшыся з Трампам, Карл і Каміла адправіліся на традыцыйнае ўскладанне вянка да помніка Невядомаму салдату на ваенных Арлінгтонскіх могілках пад Вашынгтонам.
Затым яны паехалі на «блок-паці», вулічнае святкаванне, у мястэчка Фронт-Роял адносна непадалёк, у штаце Вірджынія. Там іх сустракала, у прыватнасці, губернатар штата, член Дэмакратычнай партыі Абігейл Спанбергер.
Кароль і каралева паглядзелі парад аркестраў, танцавальных груп і старадаўніх аўтамабіляў і пакаштавалі мясцовыя прысмакі.
Затым каралеўская пара яшчэ зазірнула ў нацыянальны парк Шэнандоа недалёка ад Фронт-Роял, дзе, у прыватнасці, асабіста пазнаёмілася з птушкай-сімвалам ЗША, белагаловым арланам.
І ўжо пасля гэтага адправілася на аэрадром.
Вечар жа серады каралеўская пара правяла ў Ракфелер-цэнтры, на святкаванні 50‑годдзя каралеўскага дабрачыннага фонду King's Trust, які дапамагае дзецям і маладым людзям у навучанні і стварэнні бізнэсу.
У святкаванні ўдзельнічаў знакаміты поп-спявак 1970‑х і 1980-х, а цяпер пасол каралеўскага фонду ва ўсім свеце Лаянел Рычы.