Галоўнакамандуючы Узброеных сіл Латвіі: У Расіі ёсць акно для агрэсіі да 2030 года
Генерал-маёр Каспарс Пуданc распавёў DW, як Латвія выкарыстоўвае ваенны досвед Украіны і чаму расійскія правакацыі не дасягаюць сваёй мэты.
Прэзідэнт Латвіі Эдгар Рынкевіч (другі злева) наведвае вучэнні ў пачатку сакавіка, праваруч ад яго — Каспарс Пуданс, фота: фэйсбук Э. Рынкевіча.
«Мы глядзім на Расію з розных пунктаў гледжання. Адзін з іх — гістарычны, што прымушае нас павышаць пільнасць. Але за апошняе дзесяцігоддзе мы ўважліва назіраем за тым, што Расія робіць ва Украіне, а таксама ў інфармацыйнай і кіберпрасторы. І, вядома, мы добра ўсведамляем, што знаходзімся ў спісе тых, што «заслугоўваюць пакарання». Яны пэўна не даруюць нам выхаду з іх сферы ўплыву, уступлення ў NATO і ЕС. І, вядома, наша адкрытая падтрымка Украіны апошнія 4—5 гадоў таксама злуе Расію», — расказаў Пуданс.
Ён звяртае ўвагу на тое, што цяпер большасць расійскіх сіл цяпер занята ва Украіне, і Латвія ўдзячная ўкраінцам за тое, што яны іх стрымліваюць.
«Тым не менш, на нашых межах фіксуецца расійская актыўнасць — сачэнне, правакацыі. Такое паводзіны мы назіралі і да 2022 года ў Балтыйскім моры і паветранай прасторы. Расія таксама выкарыстоўвае ціск мігрантамі на межы, і Масква відавочна арыентавана на больш шырокія дзеянні: дыверсіі, запалохванне. Але гэта паказвае слабасць Расіі — яны выкарыстоўваюць такія метады, бо не маюць іншых інструментаў. Пры гэтым губляецца эфект нечаканасці», — мяркуе галоўнакамандуючы.
Каспар Пуданс таксама адкідае ідэю стварэння «сепаратысцкіх рэспублік» у краінах Балтыі, як было ва Украіне ў 2014 годзе з ДНР і ЛНР.
«Думаю, Расіі было б неразумна зноў спрабаваць такі сцэнар. З 2014 года мы яго прапрацавалі. Спецслужбы, паліцыя і памежнікі адсочваюць сітуацыю. Размовы пра «сепаратысцкія рэспублікі» — гэта хутчэй інфармацыйная аперацыя. У нас ёсць разуменне, хто за гэтым стаіць. Рэальных рэсурсаў у Масквы для гэтага няма. Людзі ўжо менш вераць у наратыў пра парушэнне іх правоў у Латвіі», — кажа ён.
«Калі ўявіць, што вайна ва Украіне замарожваецца, праз колькі гадоў Расія зноў стане рэальнай пагрозай для Латвіі?» — спытаўся журналіст.
«Варта назіраць, што будзе з мабілізаванымі. Частка іх не будзе дэмабілізавана. Частку могуць перакінуць на базы ў іншых рэгіёнах. Мы ўжо бачым будаўніцтва новых вайсковых аб’ектаў на поўначы Расіі, бліжэй да Фінляндыі. Найбольш верагодны сцэнар — перакідванне сіл да нашых усходніх межаў. Расія ўжо аслабіла там свае пазіцыі з 2013 года. Калі б я быў у Крамлі, я б сказаў, што маё «акно магчымасцяў» — 2027—2029 гады. Пасля 2030 года яно можа закрыцца: Расія стане мацнейшай, але і Еўропа, і NATO таксама», — мяркуе Каспарс Пуданс.