БЕЛ Ł РУС

Ціханоўская пра адносіны Польшчы і Беларусі пасля вызвалення Пачобута: Мяч на баку Лукашэнкі

1.05.2026 / 14:37

Nashaniva.com

Яна адзначыла, што выпадак Пачобута адрозніваецца ад звычайных гуманітарных намаганняў.

Сустракаць Андрэя Пачобута на мяжу ў аўторак прыехаў асабіста прэм'ер Дональд Туск. Фота: твітар Дональда Туска

Святлана Ціханоўская на V Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету ў Варшаве пракаментавала вызваленне журналіста Андрэя Пачобута і ролю дэмакратычных сіл у перамовах аб вызваленні палітвязняў, піша Reform.news.

Паводле яе слоў, з 2020 года офіс Ціханоўскай працуе з амерыканскімі і еўрапейскімі партнёрамі па гэтым пытанні, абмяркоўваючы розныя механізмы.

«Без каардынацыі і ўзаемадзеяння з нашымі партнёрамі, магчыма, пра гэтых зняволеных ужо б і забыліся», — сказала яна.

Ціханоўская адзначыла, што выпадак Пачобута адрозніваецца ад звычайных гуманітарных намаганняў.

«Гэта было падобна да абмену па лініі спецслужбаў», — сказала яна, падзякаваўшы ўсім, хто ўдзельнічаў у гэтым працэсе.

Адказваючы на пытанне, ці палепшыць вызваленне Пачобута польска-беларускія адносіны, Ціханоўская працытавала словы намесніка міністра замежных спраў Польшчы Марціна Басацкага: калі раней адносіны з Лукашэнкам былі на ўзроўні мінус 20, то цяпер — мінус 15.

«Так што мы ўсе разумеем, што сітуацыя не змянілася. Людзі працягваюць затрымлівацца ў Беларусі, а Лукашэнка пагражае і шантажуе нашых суседзяў. Таму гэта не новы ўзровень адносін, мяч на баку Лукашэнкі», — сказала яна.

«Ёсць выразныя патрабаванні з боку нашых еўрапейскіх партнёраў і з боку Польшчы: спыніць рэпрэсіі, спыніць затрыманні людзей, спыніць трансгранічныя рэпрэсіі, бо людзі знаходзяцца пад пагрозай не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Гэта будзе крок з боку рэжыму Лукашэнкі, каб паказаць, што ён гатовы нешта зрабіць для паляпшэння адносін. Пакуль мы гэтага не бачым», — падсумавала лідарка дэмакратычных сіл.

Чытайце таксама:

Андрэй Пачобут вярнуўся ў фэйсбук

Было мінус 20 градусаў, стала мінус 15. Намеснік кіраўніка МЗС Польшчы ацаніў пацяпленне адносін з Мінскам

Ціханоўская: Колькі нас ні душаць рэпрэсіямі, ні палохаюць — мы з вамі працягваем упарта рабіць беларускую справу

На Канферэнцыі беларусаў у Варшаве разгарнулі плакаты супраць Ціханоўскай. Яна адказала

Каментары да артыкула