БЕЛ Ł РУС

«Калі яшчэ раз падымуць, адмовімся ад тура». Беларусы сутыкнуліся з падаражаннем авіябілетаў

1.05.2026 / 15:10

Nashaniva.com

Людзі, якія загадзя плануюць свой адпачынак, але ўжо сутыкнуліся з падаражаннем авіятураў.

Фота: Lookby.Media

Павел яшчэ ў студзені аформіў ранняе браняванне на верасень — чартарны рэйс з Мінска ў в'етнамскі Нячанг. Аднак днямі мужчына даведаўся, што давядзецца даплаціць паліўны збор — 40 даляраў з кожнага падарожніка, піша Onliner.by.

— Тур заўсёды рэзервуем праз агенцтва. І турагент даслаў нам інфармацыю, што ў сувязі са значным ростам кошту авіяпаліва «Белавія» павышае паліўныя зборы. Прапанавалі варыянты: ці больш за 4 тысячы (1505 даляраў) для выпіскі авіябілетаў не пазней пэўнай даты, ці кошт тура павялічыцца на 113 рублёў (40 даляраў) на чалавека. Мы ад аплаты адразу за авіябілет адмовіліся і пагадзіліся на даплату на 80 даляраў на дваіх (каля 225 рублёў). Калі б аплацілі авіябілет, то тур нельга было б адмяніць да вылету, а нам гэта ўмова вельмі важная.

Павел прызнаецца, спачатку ад такіх навін нават прамільгнула думка наогул адмовіцца ад тура, але спяшацца не сталі:

— Але калі яны яшчэ раз падымуць, тады адмовімся. Першы раз паднялі на 80$ за дваіх — яшчэ вытрымаем, бо тур бралі за паўгода на раннім рэзерваванні і лічым, што $80 можна вытрымаць.

У сацыяльных сетках таксама абмяркоўваюць навіну аб павелічэнні паліўных збораў.

З аднаго боку, беларусы не рады неабходнасці даплачваць за паліўныя зборы, але з іншага — добра, што ў прынцыпе можна кудысьці паляцець. Энергетычны крызіс, справакаваны канфліктам на Блізкім Усходзе, пагражае існаванню невялікіх еўрапейскіх аэрапортаў. Цэны на авіяпаліва перавысілі 1800 даляраў (1535 еўра) за тону, што прывяло да росту кошту авіябілетаў і скарачэння колькасці рэйсаў.

Генеральны дырэктар лаўкостара Ryanair Майкл О'Ліры заявіў, што з-за імклівага росту цэн на нафту да канца года «два-тры еўрапейскія авіяперавозчыкі могуць збанкрутаваць». Сярод іх — Wizz Air і airBaltic, якія ў адказ абвінавацілі канкурэнта ў хлусні. Цэны выраслі настолькі, што Turkish Airlines, Transavia France і Lufthansa здымаюць самалёты з ліній і прыпыняюць рэйсы.

«Павышэнне можа быць чыста сімвалічным»

Onliner.by звярнуўся ў «Белавія» па каментар. Вось што адказаў нацыянальны перавозчык:

— Цяперашняя сітуацыя на рынку авіяцыйнага паліва стварае беспрэцэдэнтную нагрузку на аперацыйную дзейнасць усіх авіяперавозчыкаў, і наша кампанія не з'яўляецца выключэннем. У шэрагу аэрапортаў, куды «Белавія» выконвае ці плануе пачаць выкананне палётаў, мы сутыкнуліся з дэфіцытам авіяпаліва, а цэны павялічыліся больш чым удвая. Паліўны складнік займае значную долю ў сабекошце кожнага білета.

У кампаніі падкрэслілі, што стараюцца балансаваць тарыфы, утрымліваючы іх на разумным узроўні за кошт унутраных рэзерваў:

— Але пазбегнуць павышэння цэн у прынцыпе, на жаль, мы не можам. Гэта тычыцца не ўсіх кірункаў, прапрацоўваем кожны рэйс асобна. На блізкамагістральных павышэнне цаны можа быць чыста сімвалічным; на далёкіх, зразумела, рост будзе больш адчувальным. Мы не ідзём па шляху маштабнага скарачэння палётнай праграмы, каб зменшыць страты, як гэта цяпер адбываецца з некаторымі замежнымі авіяперавозчыкамі. Наша мэта — захаваць даступнасць палётаў для пасажыраў. І нягледзячы на тое, што ад двух чартарных кірункаў (выконваюцца па запыце заказчыкаў-тураператараў) пакуль прыйшлося адмовіцца, рэгулярныя рэйсы авіякампаніі і пераважная большасць чартарных выконваюцца ў ранейшым аб'ёме.

Па даных Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту, у сакавіку цэны на авіяцыйнае паліва рэзка выраслі, павялічыўшыся на 106,6% у параўнанні з сакавіком мінулага года, на фоне росту цэн на сырую нафту на 43,1% і павелічэння маржы перапрацоўкі на 320%.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула