БЕЛ Ł РУС

У Еўрасаюзе 387 тысяч беларусаў з дазволамі на жыхарства

1.05.2026 / 16:19

Nashaniva.com

абноўлена

Даследаванне беларускай дыяспары паказвае: новая эміграцыя ўжо даўно не «часовая».

Ілюстрацыйнае фота

У Варшаве на V Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету прэзентавалі першыя вынікі даследавання «Падлік беларусаў і беларусак свету». Яго падрыхтавалі Народныя амбасады разам з даследчыкамі, каб адказаць на пытанне: колькі беларусаў сёння жыве за межамі Беларусі? Вынікі даследавання прадставілі Анастасія Свіркова, прадстаўніца Народнай амбасады Беларусі ў Аўстрыі, і Вадзім Мажэйка, кіраўнік Інстытута бяспекавых даследаванняў імя Касцюшкі.

І ўжо з першых хвілін стала зразумела: пытанне толькі выглядае простым. Беларусаў у свеце нельга проста палічыць па пашпартах. Бо каго менавіта лічыць беларусамі? Хтосьці нарадзіўся ў Беларусі, але ўжо атрымаў грамадзянства іншай краіны. Хтосьці застаецца беларускім грамадзянінам, але знаходзіцца ў Еўрасаюзе з дазволам на жыхарства. Хтосьці атрымаў статус уцекача. Хтосьці жыве паміж дзвюма краінамі — юрыдычна яшчэ «тут», фактычна ўжо «там». А калі чалавек ужо атрымаў іншае грамадзянства, але працягвае гаварыць па-беларуску, хадзіць на беларускія імпрэзы, удзельнічаць у жыцці дыяспары — ён выпадае са статыстыкі ці не?

Менавіта таму даследаванне не дае адной чароўнай лічбы. Яно хутчэй паказвае карту беларускай прысутнасці ў свеце — складаную, няроўную і вельмі жывую. Ідэнтычнасць ёсць, сувязь з Беларуссю ёсць, але афіцыйныя дакументы, статусы і статыстыка ўсё часцей разыходзяцца.

Амаль мільён дазволаў у Еўрасаюзе 

Адна з самых моцных лічбаў прэзентацыі — 981 679. Столькі першых дазволаў на жыхарства беларусы атрымалі ў краінах Еўрасаюзу за 2020—2024 гады.

Гэта не значыць, што амаль мільён беларусаў пераехалі ў ЕС назаўсёды. Першыя дазволы могуць уключаць розныя юрыдычныя сітуацыі: працу, вучобу, доўгатэрміновыя візы, гуманітарныя падставы. Частка людзей магла атрымаць дакументы, але не застацца ў краіне стала. Частка — пераязджала некалькі разоў, змяняла статус, чакала легалізацыі.

Адзін і той жа чалавек за некалькі гадоў мог змяніць некалькі краін. Напрыклад, спачатку з’ехаць ва Украіну, потым праз вайну — у Польшчу. Ці прыехаць у Грузію, не здолець легалізавацца і паехаць у Літву, Польшчу або Іспанію. У кожнай новай краіне ён можа атрымаць «першы» дазвол на жыхарства. Для статыстыкі гэта будзе новы выпадак. У рэальнасці — усё той жа чалавек, які проста працягвае шукаць бяспечнае месца і дакументы.

Таму больш набліжаны да рэальнасці паказчык — колькасць дзейных дазволаў на жыхарства ў краінах Еўрасаюза.

У даследаванні асобна прыводзіцца іх лічба — 386 834 (спачатку ў тэксце была памылковая лічба ў 550 тысяч. — НН). А калі глядзець шырэй — не толькі на Еўрасаюз, але і на краіны Рады Еўропы, куды ўваходзяць таксама Грузія, Украіна, Турцыя і іншыя дзяржавы, — карціна становіцца яшчэ шырэйшай.

Але і гэта не канчатковая «колькасць беларусаў у Еўропе». Бо ёсць тыя, хто ўжо атрымаў грамадзянства іншай краіны. Ёсць тыя, хто жыве па іншых юрыдычных падставах. 

Еўрастат фіксуе, што ў 2024 годзе колькасць першых дазволаў, выдадзеных грамадзянам Беларусі ў ЕС, істотна знізілася ў параўнанні з пікавымі гадамі: сярод топ-10 грамадзянстваў трэціх краін менавіта Беларусь мела найбольшае адноснае падзенне пасля 2023 года — -37,9%. Але гэта не абавязкова азначае вяртанне людзей у Беларусь. Хутчэй, частка міграцыі пераходзіць з рэжыму «першага ўезду» ў рэжым замацавання: людзі ўжо атрымалі першыя дакументы, працягваюць легалізацыю, перавозяць сем’і, адкрываюць бізнэсы, будуюць жыццё.

Для параўнання: у даследаванні Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» на рубяжы ХХ—ХХІ стагоддзяў гаварылася, што за межамі Беларусі пражывае каля 3,5 мільёна беларусаў. Але гэта ўжо зусім іншы тып падліку: не толькі паводле актуальных міграцыйных дакументаў, а паводле шырэйшага разумення беларускай прысутнасці ў свеце — паходжання, ідэнтычнасці, гістарычных супольнасцяў.

У прэзентацыі таксама прагучала лічба 790 232 з дадзеных ААН. Гэта ацэнка international migrant stock: колькасці людзей беларускага паходжання / народжаных у Беларусі, якія на сярэдзіну 2024 года жылі за межамі краіны. Але трэба ўлічваць два моманты: першае — гэтыя дадзеныя ААН ахопліваюць шырэйшую гістарычную міграцыю і паказваюць назапашаную беларускую прысутнасць у свеце на канкрэтны момант, і другое — гэтыя дадзеныя перадаюцца ААН з афіцыйнай беларускай статыстыкі.

Менавіта таму даследчыкі падкрэсліваюць: адной «правільнай» лічбы няма. 981 679 першых дазволаў у ЕС паказваюць маштаб руху пасля 2020 года. 386 834 актуальныя дазволы ў ЕС паказваюць больш набліжаную да сённяшняй юрыдычнай прысутнасці беларусаў у Еўрасаюзе карціну.

Польшча — галоўны пункт збору

Галоўнай краінай беларускай міграцыі ў Еўропе застаецца Польшча.

На Польшчу прыпадае каля 65% усіх дзеючых дазволаў на жыхарства, выдадзеных беларусам у ЕС, і каля 86% першасных дазволаў. 

Прычыны зразумелыя. Гэта геаграфічная і моўная блізкасць, адносна лёгкая легалізацыя, адукацыйныя і працоўныя магчымасці, наяўнасць беларускіх супольнасцяў і паслядоўная палітычная пазіцыя польскіх уладаў адносна Беларусі.

Асобны паказальны блок — беларускі бізнэс у Польшчы. Паводле дадзеных, прадстаўленых у даследаванні, у польскім рэестры налічваецца 7093 кампаніі з беларускім капіталам. Пад такімі кампаніямі маюцца на ўвазе юрыдычныя асобы, дзе беларускія грамадзяне або беларускія кампаніі выступаюць акцыянерамі, заснавальнікамі ці канчатковымі бенефіцыярамі. Найбольшая канцэнтрацыя — у сталічным Мазавецкім ваяводстве, дзе зарэгістравана 3860 такіх кампаній. Далей ідуць Падляшскае, Ніжнесілезскае, Люблінскае, Паморскае і іншыя ваяводствы.

Скрыншот з прэзентацыі даследавання

Гэта важны паказчык: беларусы ў Польшчы ўжо не проста «перачэкваюць». Яны адкрываюць фірмы, плацяць падаткі, наймаюць людзей, будуюць новыя прафесійныя і сацыяльныя сувязі.

Падобную выснову робяць і іншыя даследчыкі: пасля 2020 года Польшча і Літва сталі галоўнымі напрамкамі беларускай міграцыі ў ЕС, а ў Польшчы беларусы сталі другой па значнасці групай замежных работнікаў пасля ўкраінцаў. 

Іспанія — нечаканы пункт росту

Калі Польшча — гэта галоўны пункт збору, то Іспанія ў даследаванні выглядае як новы пункт росту.

Паводле пададзеных звестак, у 2024 годзе Іспанія стала лідарам сярод еўрапейскіх краін паводле піку атрымання беларусамі першасных дазволаў на жыхарства. У многіх іншых краінах гэтыя пікі ўжо прайшлі (у 2020 і 2023 гадах), а ў Іспаніі, наадварот, толькі адбыліся.

Гэта можа азначаць, што наперадзе ў Іспаніі будзе рост доўгатэрміновай легалізацыі беларусаў. Людзі, якія атрымалі першыя дакументы ў 2024-м, далей будуць пераходзіць да больш устойлівага статусу, інтэгравацца, будаваць супольнасці.

Гэта можа сведчыць пра другую хвалю пераразмеркавання беларускай міграцыі. Частка людзей, якія спачатку ехалі ў краіны бліжэй да Беларусі, з часам пачынаюць шукаць больш стабільныя, камфортныя або доўгатэрміновыя варыянты.

Грузія: ад хуткага прытоку да пункта падзення

Трэцяя важны пункт на беларускай міграцыйнай карце — Грузія. Яе назвалі «пунктам падзення».

Пасля 2020 года Грузія стала адным з самых простых і важных кірункаў для беларусаў. Прычыны былі зразумелыя: туды можна было адносна лёгка прыехаць, жыць без візы да 365 дзён, адкрыць бізнэс, вырашаць бытавыя пытанні без складанай бюракратыі, сваю ролю адыгрывалі таксама больш мяккі клімат і ніжэйшыя выдаткі ў параўнанні з многімі краінамі ЕС. Важным фактарам была і транспартная сувязь: Грузія заставалася адным з нешматлікіх пунктаў, куды можна было бяспечна прыляцець і з Еўропы, і з Беларусі — прамым рэйсам «Белавія».

Але статыстыка паказвае, што гэтая хваля пачала сціскацца. У 2021 годзе ў Грузію прыехалі 1583 грамадзяніны Беларусі, выехалі 157. У 2022‑м прыток рэзка вырас: 13 361 прыезд супраць 852 выездаў. Але ўжо ў 2023 годзе баланс змяніўся: 3557 прыездаў і 4537 выездаў. У 2024‑м ён стаў амаль нулявым: 2451 прыезд і 2598 выездаў.

Агулам за 2021—2024 гады станоўчы баланс склаў 12 808 чалавек. Але дынаміка паказвае: Грузія для многіх стала часовым або транзітным пунктам.

Скрыншот з прэзентацыі даследавання

На гэта паўплывала шмат прычын. Гэта і праблемы з легалізацыяй, і сканчэнне беларускіх пашпартоў, і адсутнасць перспектыў доўгатэрміновага статусу, і закрыццё беларускіх прастор у Тбілісі і Батумі, і агульная змена палітычнага адчування краіны.

Паводле даследчыкаў, у тым выглядзе, у якім беларуская дыяспара ў Грузіі існавала ў 2021—2024 гадах, мы яе, хутчэй за ўсё, ужо не пабачым. 

Дыяспара мае жаночы твар

Яшчэ адна цікавая дэталь даследавання — гендарны баланс. 

У многіх міграцыйных хвалях бывае выразны перакос: з’язджаюць пераважна мужчыны або пераважна жанчыны. У беларускай міграцыі такога моцнага перакосу няма.

Паводле пададзеных звестак, агульны баланс даволі блізкі да таго, як гендары размеркаваныя ў самой Беларусі. У цэлым жанчыны складаюць каля 54%, мужчыны — 46%. 

Вайна ва Украіне паўплывала на асобныя паказчыкі: у 2022 годзе, напрыклад, у Грузію выязджала больш мужчын. Але ў іншыя гады гендарны падзел зноў вяртаўся да больш збалансаванай карціны.

Скрыншот з прэзентацыі даследавання

У гэтага ёсць і плюс, і мінус. Мінус у тым, што сямейная міграцыя зніжае матывацыю да вяртання ў Беларусь. Калі чалавек выехаў адзін на працу, у яго часта ёсць моцная сувязь з домам, дзе засталася сям’я. Калі ж сям’я выехала разам — жыццё пачынае будавацца на новым месцы.

Але ёсць і плюс: такая міграцыя дапамагае захоўваць беларускую ідэнтычнасць. Калі людзі выязджаюць з партнёрамі, дзецьмі, блізкімі, яны могуць дома гаварыць па-беларуску, перадаваць дзецям памяць пра Беларусь, ствараць вакол сябе больш устойлівае беларускае асяроддзе.

Новая рыса міграцыі — серыйнасць

Адна з гіпотэз даследавання тычыцца серыйнай міграцыі. Гэта сітуацыя, калі чалавек праходзіць некалькі этапаў пераезду ў пошуку месца, дзе можна нарэшце спыніцца.

Тыповыя сцэнары выглядаюць так: Беларусь — Украіна — Польшча; Беларусь — Грузія — ЕС; Беларусь — Літва — Польшча; Беларусь — Грузія — Беларусь за дакументамі — новая краіна. Прычыны могуць быць розныя: вайна, праблемы з легалізацыяй, сканчэнне тэрміну дзеяння пашпарта, адсутнасць працы, немагчымасць інтэгравацца, моўны бар’ер, адсутнасць сям’і або супольнасці ў краіне.

Гэта важна для разумення лічбаў. Калі чалавек пераязджае некалькі разоў, ён можа некалькі разоў трапляць у розныя нацыянальныя статыстыкі. Гэта значыць, што беларуская супольнасць вельмі рухомая: сёння людзі ў адной краіне, праз год — у другой. 

2026 год — пункт замацавання

Мабыць, галоўная выснова даследавання гучыць так: беларуская міграцыя пераходзіць у новую фазу.

Першая фаза пасля 2020 года была фазай тэрміновага выезду. Людзі ратаваліся ад рэпрэсій, страты працы, пагроз, няпэўнасці, вайны ва Украіне і яе наступстваў для рэгіёна.

Другая фаза — фаза адаптацыі. Беларусы вырашалі побытавыя пытанні, займаліся легалізацыяй, вучылі мовы, рабілі дакументы, шукалі працу, адкрывалі арганізацыі, запускалі бізнэсы, стваралі школы, медыя, культурныя пляцоўкі.

Цяпер, у 2026 годзе, усё больш бачная трэцяя фаза — замацаванне. Гэта значыць, што значная частка беларусаў за мяжой ужо не жыве ў логіцы «перачакаць некалькі месяцаў». Людзі будуць усё часцей атрымліваць доўгатэрміновыя дазволы на жыхарства, новыя пашпарты, стабільныя формы легалізацыі. Яны купляюць жыллё, перавозяць бацькоў, нараджаюць дзяцей, адкрываюць кампаніі, атрымліваюць новае грамадзянства, уключаюцца ў мясцовыя рынкі працы.

Гэта можа стаць як шанцам, так і рызыкай. Шанец у тым, што беларусы за мяжой нарэшце атрымаюць рэсурс на развіццё ўласных інстытутаў. Рызыка ж у тым, што разам з замацаваннем у новых краінах можа ўзмацніцца і аддаленне ад беларускага парадку дня. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула