БЕЛ Ł РУС

Жонка загінулага беларускага добраахвотніка патрабуе змяніць закон пра званне «Герой Украіны», якім нельга ўзнагародзіць замежнікаў

1.05.2026 / 16:25

Nashaniva.com

Удава байца палка Каліноўскага Аляксея Лазарава звярнулася да прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з заклікам даць замежным добраахвотнікам права атрымліваць найвышэйшую дзяржаўную ўзнагароду Украіны. Яна апублікавала адпаведную петыцыю, якую просіць падпісаць. 

Жанчына патрабуе ад Вярхоўнай Рады і Уладзіміра Зяленскага ліквідаваць заканадаўчую няроўнасць, якая дазваляе прысвойваць званне Героя Украіны выключна грамадзянам краіны, пакідаючы за бортам замежнікаў, якія аддалі жыццё за яе незалежнасць краіны.

На старонцы свайго загінулага мужа ў X жанчына апублікавала эмацыйны зварот.

«Мой муж ніколі не чакаў удзячнасці. Ён быў ідэйным, паслядоўным у сваіх поглядах, але яго заўсёды хвалявала несправядлівасць. Я хачу дамагчыся таго, каб у замежных добраахвотнікаў, якія ваююць за незалежнасць Украіны з 2014 года, было права атрымліваць званне «Героя Украіны».

Бо яны гэтага заслугоўваюць. Гэта не пра асаблівае стаўленне, гэта пра роўнасць у гэтым пытанні. Законапраект аб зменах у заканадаўстве быў унесены яшчэ ў 2022 годзе. Але ён так і застаўся без увагі», — піша яна.

Яна дадае, што для яе няма значэння, ці дадуць ейнаму мужу званне «Героя Украіны» — «яму, напэўна, і было б прыемна, але гэта ніколі не было яго мэтай».

Паводле слоў жанчыны, замежнікі маглі б жыць сваім лепшым жыццём у іншых краінах, але абралі барацьбу за справядлівасць і праўду, і многія — цаною ўласнага жыцця. Але яны абралі змагацца. І многія аддалі за гэта ўсё, бо аддалі сваё жыццё.

Петыцыю, якую апублікавалі сёння, падпісаў 91 чалавек з неабходных 25 тысяч. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула