ГУР раскрыла дэталі ўнікальнай спецаперацыі: у «Ахмат» укаранілі агента
Дзякуючы пастаўленым жучкам, украінцы доўгі час слухалі ўсе размовы ў штабе кадыраўцаў. Таму яны не толькі ведалі ўсе планы аперацый на Сумскім кірунку, але і атрымалі каштоўнае разуменне «ўнутранкі».
ГУР паведаміла пра паспяховае завяршэнне аперацыі ў расійскім падраздзяленні «Ахмат», якая праводзілася на сумскім кірунку ў перыяд з лютага па красавік 2026 года.
Ключавую ролю ў аперацыі адыграў агент — украінцы сцвярджаюць, што гэта былы вайсковец «Ахмата», які перайшоў на ўкраінскі бок.
Украінцы з дапамогай FPV-дрона перадалі за лінію фронту прыладу для праслухоўвання, якую агент змог усталяваць непасрэдна ў памяшканні для нарадаў кадыраўскага падраздзялення.
Гэта дазволіла аператыўнікам ГУР запісваць размовы ўсяго каманднага складу «Ахмат» і атрымліваць усю інфармацыю пра іх планы і перамяшчэнні.
Дзякуючы высокай інфармаванасці, украінцы наносілі прыцэльныя ўдары па чачэнцах.
За два месяцы «Ахмат» панёс найбуйнейшыя страты з пачатку поўнамасштабнага ўварвання: ГУР паведамляе пра 41 забітага і 87 параненых, яшчэ больш за сотню байцоў лічацца зніклымі без вестак.
Акрамя жывой сілы, была знішчана і пашкоджана значная колькасць тэхнікі — больш за 160 адзінак браніраванага і аўтамабільнага транспарту, звыш 25 беспілотнікаў, а таксама сродкі РЭБ, інжынернае абсталяванне і склады з палівам ды зброяй.
ГУР сцвярджае, што арганізавала эвакуацыю агента на падкантрольную Украіне тэрыторыю, што і зрабіла магчымым апублічванне інфармацыі пра спецаперацыю.
На фоне гэтых падзей камандзір ічкерыйскіх добраахвотнікаў Абдул Хакім выступіў са зваротам да сваіх суайчыннікаў, заклікаючы іх не ўступаць у расійскую армію. У сваёй прамове ён адзначыў: «Што вам зрабілі ўкраінцы? Каго з вас яны забілі? Беражыце сябе і пераходзьце на наш бок. Ратуйце свае душы. Будзеце выратаваны як у гэтым свеце, так і ў замагільным».
Сам агент заклікаў былых таварышаў не забываць сваёй гісторыі і не прадавацца Расіі. «Пераходзьце адтуль на наш бок. Гэтак жа, як гэта зрабіў я. Просьба да ўсіх, пераходзьце на наш бок. Украіна мяне прыняла і вельмі добра прыняла», — заяўляе перабежчык.